Чаму актывістам і ўдзельнікам «Крытычнай масы» пагражае зняволенне да 6 гадоў?
Здарэнне, што адбылося 29 красавіка бягучага года ў Мінску з веласіпедыстамі «Крытычнай масы», на першы погляд, не падаецца нейкім незвычайным у нашай краіне: супрацоўнікі ДАІ, АМАПу і людзі ў штацкім затрымалі ўдзельнікаў масавага мерапрыемства за парушэнне правіл дарожнага руху (ПДР). Вось толькі калі разбірацца, то акцыя насіла выключна мірны і сацыяльны характар, і сіла з боку органаў пры затрыманні была ўжыта празмерна грубая. У выніку на чатырох удзельнікаў акцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, а яшчэ на дваіх — узбудзілі крымінальную справу па арт. 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
Што адбылося?
29 красавіка 2016 года ў Мінску прайшла традыцыйная веласіпедная паездка па вуліцах горада, якая мае назву «Крытычная маса».
Сваю гісторыю рух «Крытычная маса» бярэ з Сан-Францыска, дзе ў верасні 1992 года адбыўся першы арганізаваны заезд веласіпедыстаў па дарогах горада з мэтай звярнуць увагу на сябе. З таго часу ідэя пашырылася на ўвесь свет, і кожную апошнюю пятніцу месяца больш чым у 300 гарадах праводзяцца падобныя акцыі.
У Мінску ў маі 2007 года прайшла 17-я па ліку «Крытычная маса», удзел у якой ўзялі 300 чалавек.
Прынцыпы «Крытычнай масы»:
1. У руха няма лідараў і галоўных. Менавіта таму ён стаў такім папулярным ва ўсім свеце, бо не мае дакладнай ідэалогіі і паходзіць хутчэй на адкрыты форум, дзе кожны можа прапанаваць сваю ідэю і ажыццявіць яе.
2. Удзельнікі «Крытычнай масы» звяртаюць увагу кіроўцаў на свае роўныя правы з імі ў дарожным руху не праз канфлікт, а праз выключна дабразычлівыя манеры. Яны не замінаюць грамадскаму транспарту, лічачы яго найбольш рацыянальным з экалагічнага і сацыяльнага пунктаў гледжання для перамяшчэння людзей у населеных пунктах. Заўсёды саступаюць дарогу аўтамабілям хуткай дапамогі і выратавальнікам, а таксама прапускаюць пешаходаў на пешаходных пераходах.
3. Прыняць удзел у акцыі можа кожны жадаючы, нягледзячы на кошт і марку веласіпеда, а таксама матывацыю. Для кагосьці гэта могуць быць прыемныя пакатушкі ў кампаніі сяброў ці аднадумцаў, для іншых — прапаганда больш прыязнага стаўлення да навакольнага асяроддзя.
Па дадзеных назіральнікаў РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і Праваабарончага цэнтра «Вясна», удзел у акцыі ўзялі 35 веласіпедыстаў. А 19 гадзіне вечара яны сабраліся ля Тэатра оперы і балета, адкуль рушылі да станцыі метро «Няміга», адтуль звярнулі на праспект Пераможцаў, займаючы пры гэтым крайнюю правую паласу праезнай часткі дарогі. Па першаму патрабаванню супрацоўнікаў ДАІ перамясціцца на пешаходную дорожку некалькі ўдзельнікаў акцыі так і зрабілі.
Першую спробу спыніць аднаго з веласіпедыстаў супрацоўнікі ДАІ прадпрынялі яшчэ на праспекце Пераможцаў за скрыжаваннем з вуліцай Мельнікайтэ. Аднак хлопцу ўдалося пазбегнуць затрымання. Асноўныя ж падзеі развярнуліся ўжо на праспекце Машэрава.
Больш падрабязна пра тое, як праходзіла акцыя вечарам 29 красавіка, можна прачытаць у справаздачы маніторынгу мерапрыемства на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна».
Міліцыя праяўляе нездаровы інтарэс да ўдзельнікаў «Крытычнай масы»
Нягледзячы на тое, што пакуль не з'явілася ніякай афіцыйнай заявы ці каментару ад ГУУС Мінгарвыканкама, на кватэрах некаторых затрыманых удзельнікаў былі праведзеныя вобшукі і пачаліся разгляды адміністрацыйных спраў па парушэнні правілаў дарожнага руху ў дачыненні да Аляксея Адамовіча, Дзмітрыя Пахомава і Кірыла Падабеда.
На Дзмітрыя Паліенку і Стаса Канавалава ўзбудзілі крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэксу «Насілле або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», за што пагражае да 6 гадоў зняволення. На сённяшні дзень Стас Канавалаў выпушчаны з ізалятара часовага ўтрымання пад падпіску абавязкова з'явіцца па выкліку ў Следчы камітэт у рамках крымінальнай справы. Дзмітрый Паліенка пакуль застаецца пад вартай.
Адзін з удзельнікаў падзей паведаміў «Радыё Свабода», што сапраўды не можа патлумачыць, па якой прычыне былі затрыманыя веласіпедысты.
У сваю чаргу ў сацыяльных сетках ГУУС Мінгарвыканкама з'явілася версія інцыдэнту, згодна з якой іх супрацоўнікі стараліся прадухіліць супрацьпраўныя дзеянні групы веласіпедыстаў, якая рухалася па праезнай частцы дарогі. Аднак тыя аслухаліся патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ і не падпарадкаваліся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
«А адны з удзельнікаў кінуліся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіўшы яму формавую абмундзіроўку. Шасцёра завадатараў бойкі былі затрыманы і дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС для разбору», — адзначалася ў паведамленні, перадаюць naviny.by.
І сапраўды, часцей за ўсё свой пільны інтарэс да «Крытычнай масы» адпаведныя органы тлумачаць грубымі парушэннямі правіл дарожнага руху і правапарадку. Бо на справе гэта ўжо не першая канфліктная сітуацыя паміж прадстаўнікамі сілавых ведамств і веласіпедыстамі з «Крытычнай масы».
Аднак яшчэ ніколі, па сутнасці, мірная акцыя з эколага-сацыяльным падтэкстам не заканчвалася такімі жорсткімі наступствамі для яе ўдзельнікаў. І ў той жа момант, калі разглядаць парушэнні тых жа правіл дарожнага руху хаця б з экалагічнай складаючай з боку кіроўцаў аўтамабілямі, то ні адзін з іх не быў прыцягнуты да адказнасці такім гвалтоўным чынам.
Грамадскай супольнасці не ўсё роўна!
Як адзначыў у сваёй справаздачы па мерапрыемстве 29 красавіка Праваабарончы цэнтр «Вясна», акцыя сапраўды мела мірны характар цягам усяго часу.
«Асобныя інцыдэнты з супрацоўнікамі ДАІ з боку 2 удзельнікаў павінны разглядацца з пункту гледжання прапарцыйнасці дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ ў дачыненні да іх», — зазначаецца на сайце арганізацыі. Поўную ацэнку гэтаму інцыдэнту праваабаронцы абяцаюць даць пазней.
Што датычыцца сілы, якая была ўжыта да ўдзельнікаў акцыі ў цэлым, то яе адзначаюць, як непрапарцыйную. Тым больш што праз гвалтоўнае спыненне акцыі былі абмежаваныя правы ўдзельнікаў на мірны сход і выказванне меркаванняў. Праслед жа, якому зараз падвяргаюцца веласіпедысты, вызначаецца праваабаронцамі, як рэпрэсіўны і не звязаны з рэальнай небяспекай грамадскаму парадку.
«Асабіста мне падаецца, што ўсе тыя дзеянні ад супрацоўнікаў міліцыі і ДАІ, а таксама завядзенне крымінальнай справы былі звязаныя з самім характарам акцыі, з той сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі. І гэта спроба апраўдаць агрэсіўныя паводзіны супрацоўнікаў ДАІ і АМАПу», — каментуе Наста Лойка, праваабаронца з цэнтра «Вясна».
На дадзены момант Прававы цэнтр вядзе спробы адбіць складзеныя на затрыманых удзельнікаў пратаколы. Ужо было некалькі разглядаў ДАІ, на якіх прызналі, што дакументы складзеныя вельмі кепска, яны недапрацаваныя, не ўзяты тлумачэнні. Таму разгляд справаў будзе працягнуты 11 і 12 мая.
Неабыякавымі да сітуацыі застаюцца і астатнія ўдзельнікі веласіпеднага руху ў Беларусі.
«Вельмі шкада, што такое атрымалася. У цэлым, што адбыўся гэты канфлік і такім чынам скончыўся. З пункту гледжання салідарнасці, вядома, мы падтрымліваем затрыманых і хочам, каб гэта сітуацыя максімальна хутка і станоўча для іх скончылася.
Сама ідэя «Крытычнай масы», якая праходзіць па ўсім свеце, — гэта мірная акцыя, накіраваная на прыцягненне ўвагі да неабходнасці змянення транспартнай палітыкі і паляпшэння ўмоў для веласіпедыстаў і іншае», — распавядае Павел Гарбуноў, старшыня праўлення ГА «Мінскае роварнае таварыства».
З яго словаў, першая падобная акцыя праводзілася ў Мінску яшчэ ў 2005 годзе да змянення правілаў дарожнага руху, калі веласіпедыстам можна было перамяшчацца па праезнай частцы. На сённяшні дзень удзельнікі «Крытычнай масы» сапраўды парушалі ПДР, і гэта ніхто не адмаўляе. Па меркаванню Паўла, у гэтым якраз і ёсць адмоўны бок мерапрыемства. Але з іншага пункту гледжання, жорсткасць затрымання і завядзенне крымінальнай справы не адпавядаюць характару таго, што зрабілі хлопцы.
«Калі змяняліся ПДР, то ў мэтах развіцця веласіпеднага руху першаснай мэтай была бяспечнасць. І каб максімальна забяспечыць гэта, веласіпедыстаў загналі на пешаходную зону. Але гэта даволі дэскусійнае рашэнне. Значная частка чальцоў нашага таварыства супраць яго і лічаць ненармальным. Ёсць тыя, хто схіляецца да таго, што веласіпедыст мае праве самастойна вырашаць, дзе яму ехаць. Вядома, гэта залежыць ад сітуацыі на пешаходнай зоне: калі дарожка вельмі вузкая ці перапоўнена людзьмі, а тэхнічныя характарыстыкі транспартнага сродку не дазваляюць павольна перамяшчацца сярод пешаходаў», — дадае Павел.
І, зразумела, што праз стварэнне веласіпеднай дарожкі за кошт звужэння пешаходнай зоны праблему не вырашыць. У гэтым годзе ДАІ будзе рабіць спробу зрабіць выдзеленую веласіпедную паласу на праезнай частцы дарогі, што якраз з'яўляецца новым вырашэннем праблемы.
Па словах Ірыны Сухій, члена Савету грамадскага аб'яднання «Экадом», ва ўсёй гэтай сітуацыі рэакцыя міліцыі на акцыю «Крытычнай масы» была неадэкватнай.
«Нават калі хлопцы выехалі на праезную частку дарогі, гэта не падстава для таго, каб іх хапаць і затрымліваць. Мы часта бачым, як аўтамабілісты выязджаюць на тратуар ці паркуюцца на зялёных зонах, але ні адзін з гэтых кіроўцаў не апынуўся ў міліцыі, у іх не праводзіўся вобшук, і дакладна нікога за такія парушэнні не ўтрымлівалі ў ізалятары.
Таму мне падаецца, што той перакос, які сёння назіраецца ў адносінах да аўтамабілістаў, выдатна праглядаецца ў гэтай сітуацыі», — мяркуе яна.
«Трэба як мага болей распавядаць пра гэту сітуацыю, у тым ліку выносіць на міжнародны ўзровень па партнёрскіх каналах. Бо часцей менавіта публічныя і міжнародныя механізмы больш спрацоўваюць, чым, напрыклад, юрыдычныя», — рэкамендуе Наста Лойка.
Паводле greenbelarus.info