Факты пашкоджання маёмасці і здароўя ёсць, а крымінальную справу заводзіць няма падстаў?

Днямі ўрач-педыятр з Мінска Дзмітрый Серада атрымаў копію пастановы аб чарговай адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

dzmitry_serada_1.jpg

Дзмітрый накіроўваў скаргу па факце жорсткага збіцця яго пры затрыманні і грубага незаконнага ўварвання ў яго кватэру ў жніўні гэтага года.
На гэты раз старэйшы следчы Упраўлення следчага камітэта Казлоўскі М.М., разгледзеў вынікі праверкі, якую праводзіў следчы па АУС Супічэнка А.В., і ўстанавіў, што законныя падставы для затрымання Дзмітрыя Серады меліся, а рашэнне аб прыцягненні да затрымання супрацоўнікаў АМАП было абгрунтаваным, паколькі згодна з аператыўнай інфармацыяй Дзмітрый Серада з'яўляўся фізічна развітай асобай.

Кіраўнік мінскай міліцыі не папрасіў прабачэння за штурм кватэры педыятра


Самі АМАПаўцы пры апытанні растлумачылі, што прымяненне сілавога затрымання прадугледжвае фізічны кантакт з асобай, якую затрымліваюць, у выніку чаго могуць утварацца якія-небудзь цялесныя пашкоджанні, а спецыяльна Сераду Д. нібыта ніхто не біў.
Аднак, па выніках судова-медыцынскай экспертызы ад 14.09.2016 года ў затрыманага былі выяўлены цялесныя пашкоджанні ў выглядзе сінякоў ў лобнай вобласці, на правай бакавой вобласці жывата, на задняй паверхні левага перадплечча, у праекцыі ўнутранай лодыжкі левай галёнкі; ранкі на пярэдняй паверхні правай галёнкі ў верхняй траціны. Дадзеныя пашкоджанні былі аднесеныя да катэгорыі лёгкіх, якія не прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя.

СК не ўгледзеў злачынства ў збіцці Дзмітрыя Серады супрацоўнікамі міліцыі


Акрамя таго, трохгадовай дачцэ Дзмітрыя Серады пасля таго, што здарылася, урачом-псіхіятрам быў пастаўлены дыягназ «посттраўматычнае стрэсавае  расстройства».
Але і тут следчы Казлоўскі М.М. не бачыць падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы па арт. 426 КК, спасылаючыся, што затрыманне праводзілася з улікам наяўнага становішча ва ўстаноўленым парадку, без перавышэння мер, неабходных для затрымання асобы, якая ўчынiла злачынства.
«Такім чынам, падставы для распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да оперупаўнаважаных УУС адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска Нушчыка А.С. і Шкулькова Д.Н., супрацоўнікаў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, якія прымалі ўдзел у затрыманні Серады Д.І., па фактах пашкоджання маёмасці, а таксама нанясення затрыманаму лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія не прывялі да расстройства здароўя, адсутнічаюць, паколькі не маецца дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства»,— піша ён у пастанове.

Фота са старонцы ў фэйсбуку Дзмітрыя Серады
Дзмітрый Серада абураны такім рашэннем і падкрэслівае, што пасля таго, што адбылося ўся яго сям'я была ў мацнейшым стрэсе:
«Факты пашкоджанні маёмасці і цялесна-псіхічнае расстройства здароўя некалькіх чалавек ёсць. А крымінальную справу заводзіць няма падстаў, бо супрацоўнікі праваахоўных органаў лічаць, што факты УСЯГО вышэйпералічанага «не маюць дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства».

Калі беларускія сілавікі пачнуць адказваць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў?


Акрамя таго, урача-педыятра здзіўляе і тое, што згодна з праведзенай праверкай начальнікам ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі ГУУС Мінгарвыканкама В.А. Правіла па петыцыі аб ўнутраным расследаванні штурму кватэры Дзмітрыя Серады, было ўстаноўлена парушэнне патрабаванняў абзаца 12 арт. 25 Закона «Аб органах унутраных спраў», у частцы абгрунтаванасці пранікнення ў жыллё з пашкоджаннем устройстваў, якiя зачыняюць.
«Дзмітрый Серада на момант фактычнага затрымання не з'яўляўся падазраванай асобай, якая схавалася ад органа, што вядзе крымінальны працэс. Вінаватыя кіраўнікі і супрацоўнікі Заводскага РУУС г. Мінска прыцягнутыя да адказнасці згодна з дысцыплінарным статутам органаў унутраных спраў», — адзначаецца ў паведамленні для зацікаўленых асоб.Дзмітрый Серада дзівіцца:
«Калі законныя падставы ўварвання ў кватэру меліся, як сцвярджае следчы, за што ж панеслі пакаранне вінаватыя?».
Нагадаем, раніцай 4 жніўня ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконнай дзвяры ў кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, збілі, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, так як у следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».
Паводле spring96.org