Дырэктару Дома культуры, які бараніў дубы на Палессі, прысудзілі 15 сутак
Дырэктара сельскага Дома культуры Аляксандра Дземчука, які збіраў подпісы за захаванне дубоў у аграгарадку Ахова Пінскага раёна, арыштавалі на 15 сутак, паведамляе reform.by.
Рашэнне прыняў суд Пінскага раёна. Аляксандра Дземчука абвінавацілі ў
непадпарадкаванні патрабаванню службовай асобы па арт. 24.3 КААП.
«Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, загадчык клубам, страціўшы спадзевы на выратаванне дрэў шляхам звароту ў органы ўлады і навуковыя ўстановы,
узлез на адно з іх», — пісала «Медыя-Палессе».
Ноч ён правёў у Пінскім РАУСе.
У раскладзе суда таксама паказаны яшчэ адзін суд па
тым жа артыкуле, прызначаны на 24 снежня.
Нагадаем, мясцовыя жыхары спрабавалі абараніць ад высечкі 300-гадовыя дубы на могілках у Ахове. Аднак адзін стогадовы дуб камунальнікі ўжо спілавалі. Засталіся два трохсотгадовыя дрэвы. Учора раніцай у аграгарадок зноў прыехала аўтавышка, каб завяршыць пачатае. Але некалькі пажылых мясцовых жыхароў сабраліся каля брамы могілак і сказалі, што не прапусцяць рабочых на тэрыторыю.