Дырэктара аўтазапраўкі будуць судзіць за трансляцыю расійскага тэлеканала
Скандал вакол сеткі заправак United Company набірае абароты. Ініцыятар усёй «заварухі», вядомы беларускі журналіст Глеб Лабадзенка лічыць, што аўтазапраўку могуць чакаць ажно два судовыя працэсы.
Нагадаем перадгісторыю: у жніўні супрацоўнікі запраўкі United Company, што пад Стоўбцамі, адмовіліся выканаць просьбу Глеба Лабадзенкі,а менавіта — пераключыць расійскі тэлеканал «Россия 24» на любы беларускі. Дырэктар запраўкі Віталь Кулак пацьвердзіў журналісту, што ў іх маюцца пісьмовыя інструкцыі трансліраваць выключна гэты тэлеканал, бо, маўляў, ён найбольш аб’ектыўна перадае навіны.
Пасля гэтага журналіст заклікаў да байкатавання заправак гэтай сеткі, а таксама разаслаў пісьмовыя звароты ў Міністэрства гандлю, Міністэрства інфармацыі ды патэлефанаваў у аддзел ідэалогіі мясцовага выканкама з просьбай праверыць правамернасць дзеянняў кіраўніцтва запраўкі.
І вось першыя вынікі — стаўбцоўская міліцыя даслала журналісту ліст, з якога вынікае, што на дырэктара запраўкі Віталя Кулака заведзена адміністрацыйная справа за парушэнне заканадаўства пра СМІ (ч 2. арт. 22.9 КоАП). І цяпер яму пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.
«Асабіста я ў міліцыю не звяртаўся, відаць, туды пераслалі ліст з нейкіх дзяржаўных установаў, куды я ліставаў, альбо падзейнічаў званок да ідэолага. Што канкрэтна парушыў дырэктар запраўкі я дакладна пакуль не разбіраўся, а з фармулёвак у адміністрацыйным кодэксе гэта незразумела. Але каментатары ў Фэйсбуку пісалі мне, што існуе норма, паводле якой у Беларусі ў публічных месцах нельга трансліраваць абсалютна любыя тэлеканалы, а толькі некаторыя, і якраз «Россию 24» паказваць у грамадскіх месцах было нельга», — апавёў журналіст у каментары НЧ.
Глеб Лабадзенка збіраецца асабіста папрысутнічаць на судзе і кажа, што дырэктара запраўкі, мажліва, чакае яшчэ адзін суд: «На мой пісьмовы запыт да кіраўніцтва запраўкі я атрымаў адказ на рускай мове, што з’яўляецца парушэннем заканадаўства пра звароты грамадзян. З гэтай нагоды я ўжо адправіў скаргу ў Генпракуратуру. Нагадаю пра знакаміты суд над супрацоўнікам ЖЭСа, які адказаў па-руску, і ў выніку Генпракуратура ініцыявала адміністрацыйнае разбіральніцтва па гэтым факце. Спадзюся, у гэта раз будзе аналагічны адміністрацыйны суд. Кіраўніцтва запраўкі пайшло на прынцып, таму на прынцып пайшоў і я. Вось і будзем разбірацца ў прававым полі».
Дарэчы, на старонцы Глеба Лабадзенка ў Фэйсбуку людзі, якія наведваюць гэтую запраўку пад Стоўбцамі, рэгулярна пішуць, што, нягледзячы на публічны скандал і хутка судовае разбіральніцтва, на запраўцы працягваюць трансліраваць «Россию 24».