Другі прысуд па справе аб надпісе «Не забудзем»: ад 1,5 года «хіміі» да двух гадоў калоніі

Суд Фрунзенскага раёна прысудзіў менчукоў Дзяніса Грэханава, Ігара Самусенку і Уладзіслава Гуліса да розных тэрмінаў за надпіс, які яны пакінулі ў ноч на 9 верасня на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага.

5ab960adf6cf5f97810542b5d06d5469.jpg

Самусенка і Граханаў атрымалі па паўтара года «хіміі», або абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, а Гуліс — два гады калоніі строгага рэжыму.

Ноччу 9 верасня, па версіі абвінавачвання, кожны з траіх падсудных «ў групе асоб» нанёс на тратуар «цынічны надпіс, якая абражае пачуцці грамадзян, дэманструе грэбаванне маральнымі каштоўнасцямі, накіраваная на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і маральнасці».

Першапачаткова абвінавачаным ставіліся два артыкулы: частка 2 артыкула 339 КК і частка 2 артыкула 218 КК. Ад апошняй абвінавачванне пазней адмовілася.

Абвінавачаныя прызналі віну часткова. Яны пагадзіліся, што пісалі «Не забудзем», але не лічылі гэты надпіс цынічнай.

У дзень вынясення прысуду, 8 снежня, абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.

У гэты ж дзень суд Фрунзенскага раёна вынес першы прысуд па тым жа артыкуле за такі ж надпіс, толькі з памылкай — "Не забубем". Максіму Паўлюшчыку далі два гады калоніі агульнага рэжыму, Марыі Бабовіч —паўтара года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.