Дэкларацыя Шумана

З нагоды Дня Еўропы Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі прапануе Вашай увазе пераклад на беларускую мову Дэкларацыі 9 мая 1950 года (Дэкларацыі Шумана).

З нагоды Дня Еўропы Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі прапануе Вашай увазе пераклад на беларускую мову Дэкларацыі 9 мая 1950 года (Дэкларацыі Шумана).


Гэта поўны тэкст прапановы, прадстаўленай міністрам замежных спраў Францыі Раберам Шуманам, якая лічыцца пачаткам стварэння таго, што цяпер завецца Еўрапейскім Саюзам.
Мір ва ўсім свеце нельга забяспечыць без творчых высілкаў, прапарцыйных небяспецы, якая яму пагражае.


Унёсак, які можа зрабіць арганізаваная, жывая Еўропа ў развіццё цывілізацыі – неад’емная ўмова захавання мірных адносін. Выступаючы за аб’яднаную Еўропу на працягу больш як 20 год, Францыя заўсёды лічыла служэнне справе захавання міра сваёй важнейшай мэтай. Аб’яднанне Еўропы не было рэалізаванае, і здарылася вайна.
Еўропу немагчыма стварыць імгненна альбо згодна з адзіным планам. Яна будзе пабудаваная ў выніку канкрэтных дасягненняў, якія спачатку створаць салідарнасць дэ-факта. Справа аб’яднання нацый Еўропы патрабуе спынення адвечнага супрацьстаяння Францыі і Германіі. Любое дзеянне, якое прадпрымаецца, павінна, у першую чаргу, тычыцца гэтых дзвюх краін.


З гэтай мэтай урад Францыі прапануе неадкладныя дзеянні па асобным, але вырашальным пытанні.


Ён прапануе перадаць усю франка-германскую вытворчасць вугля і сталі пад кіраўніцтва агульнага вышэйшага кіроўнага органа ў рамках арганізацыі, адкрытай для ўдзелу іншых краін Еўропы. Аб’яднанне прамысловасці вугля і сталі неадкладна дапаможа стварыць агульны падмурак эканамічнага развіцця ў якасці першага крокe да еўрапейскай федэрацыі і зменіць лёс тых рэгіёнаў, якія доўгія часы былі занятыя вытворчасцю вайсковага рыштунку, ахвярамі якога яны найчасцей і станавіліся.


Салідарнасць у вытворчасці, якая паўстане такім чынам, прывядзе да таго, што любая вайна паміж Францыяй і Германіяй будзе не толькі неверагоднай, але і немагчымай у прынцыпе. Стварэнне гэтага магутнага прамысловага аб’яднання, адкрытага для ўсіх краін, якія пажадаюць прыняць у ім удзел, і абавязанага забяспечваць усе краіны-ўдзельніцы асноўнымі элементамі прамысловай вытворчасці на роўных умовах, закладзе сапраўдны падмурак іх эканамічнай кансалідацыі.


Такая вытворчасць будзе прапанаваная ўсяму свету без раздзяленняў і выключэнняў, каб павысіць узровень жыцця і пашырыць мірныя дасягненні. З большымі рэсурсамі Еўропа будзе мець магчымасць займацца выкананнем адной са сваіх найважнейшых задач –развіццём афрыканскага кантынента. Такім чынам проста і хутка будзе рэалізаванае зліццё інтарэсаў, неабходнае для стварэння адзінай эканамічнай сістэмы; магчыма, гэта і стане закваскай, якая дазволіць з'явіцца больш шырокай і глыбокай еднасці краін, што адвеку змагаліся ў крывапралітных канфліктах.


Праз аб’яднанне базавай вытворчасці і стварэнне новага вышэйшага кіроўнага органа, рашэнні якога будуць абавязковымі для Францыі, Германіі ды іншых краін-ўдзельніц, гэтая прапанова прывядзе да ўсталявання першага канкрэтнага падмурка еўрапейскай федэрацыі, неабходнага для захавання міру.


Каб садзейнічаць рэалізацыі названых мэтаў, урад Францыі гатовы пачаць перамовы, заснаваныя на наступных прынцыпах.


Задачай, даручанай агульнаму вышэйшаму кіроўнаму органу, будзе найхутчэйшае забеспячэнне мадэрнізацыі вытворчасці і павышэння якасці прадукцыі; пастаўка вугля і сталі на аднолькавых умовах на рынкі Францыі і Германіі, а таксама на рынкі іншых краін-удзельніц; супольнае развіццё экспарту ў трэція краіны; выраўноўванне і павышэнне ўpроўню жыцця працоўных гэтых галінаў прамысловасці.


Для дасягнення гэтых мэтаў, пачынаючы з вельмі розных умоў, у якіх на гэты момант знаходзіцца вытворчасць краін-удзельніц, прапануецца ўвесці некаторыя пераходныя меры, такія як прымяненне плана вытворчасці і інвестыцый, усталяванне кампенсаторных механізмаў для выраўнівання цэн і стварэнне фонда рэструктурызацыі, каб спрыяць рацыяналізацыі вытворчасці. Перамяшчэнне вугля і сталі паміж краінамі-ўдзельніцамі будзе вызваленае адразу ад усіх мытных плацяжоў, на яго не будуць распаўсюджвацца адрозненні ў стаўках перавозчыкаў. Паступова будуць створаныя ўмовы, якія забяспечаць больш рацыянальнае размеркаванне вытворчасці на найвышэйшым узроўні прадуктыўнасці.


У адрозненне ад міжнародных картэляў, якія схільныя да абмежавальных практык пры размеркаванні і выкарыстанні нацыянальных рынкаў, і каб падтрымліваць высокія прыбыткі, арганізацыя забяспечыць зліццё рынкаў і пашырэнне вытворчасці.


Сутнасныя прынцыпы і задачы, азначаныя вышэй, стануць прадметам дамовы, якая будзе падпісаная дзяржавамі і перададзеная на ратыфікацыю сваім парламентам. Перамовы, неабходныя для ўзгаднення падрабязнасцяў прымянення, будуць праводзіцца з удзелам арбітра, прызначанага ўзгоднена і супольна. Яму будзе даручана сачыць за тым, каб дасягнутыя пагадненні адпавядалі закладзеным прынцыпам, а ў выпадку безвыходнага становішча ён вырашыць, якое рашэнне павінна быць прынятае.


Агульны вышэйшы кіроўны орган, якому будзе даручанае кіраўніцтва гэтай праграмай, будзе складацца з незалежных асобаў, прызначаных урадамі, і забяспечваць роўнае прадстаўніцтва. Старшыня будзе абірацца ўрадамі пры агульным пагадненні. Рашэнні органа будуць мець сілу для Францыі, Германіі ды іншых краінах-удзельніц. Будуць забяспечаныя і шляхі аспрэчвання рашэнняў органа.


Прадстаўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый будзе акрэдытаваны пры гэтым органе, і яму будзе даручана два разы на год даваць у ААН публічную справаздачу пра дзейнасць новай арганізацыі, асабліва што датычыцца выканання яе мэтаў.


Стварэнне вышэйшага кіроўнага органа ніякім чынам не будзе перадвырашаць форму ўласнасці прадпрыемстваў. Выконваючы свае функцыі, агульны вышэйшы кіроўны орган будзе ўлічваць паўнамоцтвы, ускладзеныя на Орган міжнароднага кіравання Рурам, і любыя абавязкі, ускладзеныя на Германію, пакуль яны будуць заставацца ў сіле.

 

 Delegation of the European Union to Belarus