Чарнасоценцы запусцілі праект 18/63, каб «троліць» Пальчыса

Праект дзейнічае ў сацыяльных сетках і збірае грошы на кнігу, якая мае «вярнуць» беларусам «свядомасць прыналежнасці да трыадзінага рускага народу». Стаіць за ўсім гэтым — Кірыл Авер’янаў-Мінскі.

tak_vyhljadae_staronka_18_63_u_vk.jpg

Што кажуць пра сябе стваральнікі праекту?

“Мы — каманда бела-рускіх энтузіястаў, жадаючых вярнуць беларусам свядомасць прыналежнасці да трыадзінага рускага народу і натхнёных(…) прыкладам выдавецтва «Чёрная сотня»”

Суполка ў кантакце, з лагатыпам у выглядзе лічбаў 18/63 ды шабелькай, сёння мае 1277 падпісчыкаў. Кантэнт даволі прадказальны: “Вялікая айчынная” ды настальгія па часах Расійскай імперыі з мноствам яцяў ды цвёрдых знакаў.

Для аўтараў сайта, напрыклад, сучасны Мінск “выглядае не па-руску, але нагадвае польскую глыбінку (“захолустье” — у тэксце)”. Вінаватыя ў гэтым, згодна сайту, постсавецкія гарадскія ўлады. Ну і далей у такім стылі.

padrucznik_pa___prasvjatlenni_zmaharou____na_jaki_zbirae_hroszy_aver_janau_minski.jpg

А яшчэ, на аднайменным сайце збіраюцца грошы на выданне кнігі “Рускае трыадзінства. Дапаможнік па прасвятленні змагароў”. Там, маўляў, кожны чытач знойдзе патрэбную фактуру, каб у спрэчках “заткнуць за пояс” апанента прабеларускіх поглядаў. Сярод адміністратараў праекту — Кірыл Авер’янаў-Мінскі, які ўжо неаднойчы засвяціўся ў беларусафобскіх інфапраектах.

Вядома, у Беларусі абрэвіятура “1863” асацыюецца не толькі з Паўстаннем Каліноўскага, але і з сайтам блогера Эдуарда Пальчыса, які стварыў ужо добра вядомы праект 1863x.com. Ці ведае Пальчыс аб “анты-праекце” з ідэнтычнай назвай?

palchys_logo_1.jpg

“Усё гэта — смешныя пародыі. Авер’янаў-Мінскі даўно і беспаспяхова спрабуе нешта капіяваць. Сайт у яго быў 1863x.net, які пасля закрыўся. Нават Гіркіна да рэкламы прыцягваў… Ну, няхай. Дыянаў, Агафонаў, Дзермант — усе яны крытыкуюць, малпуюць, але без надзеі на поспех”, — тлумачыць Пальчыс.

Згодна Пальчысу, праект “18/63 наадварот”, то бок ягоная антыбеларуская версія, актывізаваўся акурат на пачатку гэтага году.