Чаму дагэтуль не знойдзены Максім Мархалюк?
Тэрмін папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, узбуджанай па факце знікнення малалетняга жыхара вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна Максіма Мархалюка, падоўжаны да чатырох месяцаў, паведамляе Следчы камітэт.
Падаўжэнне тэрміну адбылося з-за неабходнасці выканання значнага аб'ёму следчых і іншых працэсуальных дзеянняў.
У паведамленні адзначаецца, што падчас высвятлення абставінаў крымінальнай справы следчымі УСК па Гродзенскай вобласці сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, органамі мясцовага самакіравання, МНС, Міністэрствам абароны, праведзена вялікая праца, накіраваная на ўсталяванне месцазнаходжання хлопчыка.
У рамках спецыяльна распрацаваных міжведамасных планаў рэалізуецца комплекс аператыўна-вышуковых і следчых дзеянняў, праводзіцца шэраг экспертных даследаванняў. Працягнутыя пошукавыя мерапрыемствы ў меркаваным напрамку руху хлопчыка — забалочанай мясцовасці ляснога масіву Нацыянальнага парка «Белавежская пушча».
Максім Мархалюк абвешчаны ў міжнародны вышук. Старанна аналізуецца і правяраецца любая інфармацыя, у тым ліку якая з'яўляецца ў сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце. Адпрацоўваюцца розныя версіі знікнення падлетка.
sk.gov.by
"Можна вылучыць тысячу версій знікнення Максіма Мархалюка: і выкраданне, і няшчасны выпадак (нават у лес вядуць дарогі), прыступ хваробы, магчыма, сеў на які праходзячы транспарт і з'ехаў. Але ўсе падзеі круціліся вакол леса — у выніку страчаны каштоўны час. Мне падалося, што праваахоўныя органы паставіліся не зусім сур'ёзна да знікнення хлопчыка", — лічыць былы следчы пракуратуры Алег Воўчак праз амаль тры месяцы пасля знікнення 10-гадовага Максіма Мархалюка.
Чаму самая маштабная пошукавая аперацыя ў гісторыі Беларусі завяршылася безвынікова? Чаму і куды знікаюць дзеці? Ці можна прадухіліць падобныя трагедыі? Гэтай тэме прысвечаны сённяшні выпуск "Розгаласа".