Расіян кралі, каб пасля эксплуатаваць іх у Мінску

Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС затрымалі групу з 9 цыганоў, якія падазраюцца ў выкраданні грамадзянаў Расіі і іх наступнай незаконнай працоўнай эксплуатацыі ў Мінску і Мінскім раёне.



157.jpg

Паводле звестак аператыўнікаў, геаграфія дзейнасці падазраваных была вельмі шырокай: ад Волагды да Магнітагорска. Пад рознымі падставамі (у асноўным з выкарыстаннем значных доз алкаголю) яны дастаўлялі пацярпелых у Беларусь. Тут пад пагрозай фізічнай расправы прымушалі расіян рэалізоўваць планшэты на аўтастаянках і ў іншых грамадскіх месцах на тэрыторыі Мінска і Мінскага раёна. Легальнасць паходжання прадаваных мабільных кампутараў у цяперашні час таксама вызначаецца.

Сярод затрыманых як расіяне, так і грамадзяне Беларусі.

"Устаноўлена чацвёра пацярпелых. Умовы іх пражывання можна назваць непрымальнымі, а працу — рабскай, бо працавалі яны практычна за ежу", — адзначылі ў міністэрстве унутраных спраў.

У далейшым праваахоўнікам трэба высветліць ролі ў гэтай гісторыі кожнага з затрыманых. Усе напрацоўкі аператыўнікаў перададзеныя ў падраздзяленне Следчага камітэта для прававой ацэнкі.

БЕЛТА