Цяпер канчаткова: Губарэвіч па-за выбарчай гонкай

Сёння, 28 кастрычніка, Мінгарсуд разгледзеў скаргу старшыні руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча на нерэгістрацыю яго ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэта была апошняя інстанцыя.



gubarevic_sud_n.jpg

Судовы працэс адсочваў назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Лойка.

Справу разглядала суддзя В. Рамашэўская. На суд з'явіўся старшыня Мінгарвыбаркама Шаўцоў.

На пачатку паседжання Юрый Губарэвіч заявіў хадайніцтва аб тым, каб дзве яго скаргі (ён вылучаўся двума спосабамі: зборам подпісаў і ад «Руху за Свабоду») разглядаліся ў двух асобных пасяджэннях. Старшыня Мінгарвыбаркама запярэчыў у сувязі з тым, што Губарэвіч падаў дзве скаргі на адно рашэнне Мінгарвыбаркама. Яго падтрымала пракурорка Трацякова. Суддзя адмовіла ў задавальненні хадайніцтва.

Губарэвіч прасіў перанесці пасяджэнне, каб ён мог пайсці па адрасах і сабраць доказы, што гэтыя людзі ставілі свой подпіс. Старшыня Мінгарвыбаркама Шаўцоў запярэчыў, яго падтрымала пракурорка. У задавальненні хадайніцтва адмоўлена ў сувязі з тым, што скарга была пададзеная 24 кастрычніка — у Губарэвіча было дастаткова часу сабраць доказы.

У якасці зацікаўленай асобы прыцягнулі да ўдзелу ў справе старшыні АВК па Мінскай-Усходняй выбарчай акрузе №107 Юлію Ляшкова.

Губарэвіч у судзе казаў, што ў рашэнні АВК не ўтрымлівае інфармацыі аб тым, як сябрамі АВК адбіраліся падпісныя лісты для праверкі.

У рашэнні АВК было ўказана, што адзін подпіс быў узяты ў доме па вул. Гамарніка, 28. Выбарчая камісія паведаміла, што не паказаны корпус 2, таму подпіс несапраўдны. Губарэвіч звярнуўся ў ЖКГ, дзе яму далі выпіску, што такога дома — 28 корпус 2 не існуе. Пракурорка заявіла, што гэтая паперка не адпавядае патрабаванням адноснасці і дапушчальнасці доказаў, таму што няма ніякага суправаджальнага ліста аб тым, якая службовая асоба выдала гэтую даведку. Суддзя падтрымала пракурорку.

Юрыю Губарэвічу было адмоўлена ў задавальненні скаргі на нерэгістрацыю яго ў якасці кандыдата ў дэпутаты на той падставе, што ў яго падпісных лістах было 33,5% несапраўдных подпісаў.

Таксама 28 кастрычніка абскардзіў нерэгістрацыю ў якасці кандыдата Ігар Кібальчыч па Мінскай-Коласаўскай акрузе №106. Яму таксама было адмоўлена ў задавальненні скаргі. Па ягоных подпісам таксама былі пытанні: няправільна паказаныя адрасы, пашпартныя дадзеныя і даты нараджэння.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"