Хто заплаціць алімпійцам?
Злыя «тролі» з інтэрнэту казалі, што для выплаты «прызавых» спартоўцам, якія агулам складаюць 800 тысяч долараў, краіне спатрэбіцца новы крэдыт, а самі выплаты расцягнуць невядома наколькі. Памыліліся ўсе. Мы і самі зможам парадаваць алімпійцаў! Канешне, для гэтага спатрэбіцца крышачку зацягнуць паясы.
Сустрэўшыся з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам, Аляксандр Лукашэнка даручыў яму «неадкладна выплаціць прызавыя беларускім спартсменам, якія заваявалі медалі на XXII зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы», паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Адкуль узяць такія грошы зараз і неадкладна, Аляксандр Рыгоравіч, канешне, не патлумачыў. Аднак і Мясніковіч нездарма прэм’ер — сам павінен ведаць.
І пачаліся «весткі з палёў». У Беларусі павышаны гранічныя максімальныя адпускныя цэны малочную прадукцыю. Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Мінэканомікі ад 14 лютага 2014 года, якое было апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале неўзабаве пасля сустрэчы Аляксандра Рыгоравіча з Міхаілам Уладзіміравічам. На 7 працэнтаў павышаны адпускныя цэны на малако і кефір тлустасцю да 3,5 працэнта, смятану тлустасцю да 25 працэнтаў і тварог тлустасцю да 9 працэнтаў. Акрамя таго, на 5 працэнтаў павялічаны цэны на малако і кефір тлустасцю звыш 3,5 працэнта, смятану тлустасцю звыш 25 працэнтаў, тварог тлустасцю звыш 9 працэнтаў. Значыць, «малочка» ў нас падаражэе, хаця, здавалася б, кошты ў нас на гэтую прадукцыю і так ужо параўнальныя з еўрапейскімі і расійскімі.
Таксама беларусаў чакае новая графа ў «жыроўках». Міністр ЖКГ Андрэй Шорац на пасяджэнні працоўнай групы па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы прапанаваў увесці ў тарыф на жыллёва-камунальныя паслугі нейкую «інвестыцыйную надбаўку», уцямна не патлумачыўшы, што гэта такое і куды канкрэтна пойдуць гэтыя грошы.
«У планава-разліковую цану за жыллёва-камунальныя паслугі трэба ўвесці інвестыцыйны складнік. Без гэтага на маштабнае абнаўленне асноўных сродкаў, на ўкараненне энергаэфектыўнага абсталявання, на сур’ёзныя праекты з саліднымі капіталаўкладаннямі разлічваць не прыходзіцца. Увядзенне інвестыцыйнага складніку дазволіць прыцягнуць інвестыцыі ў галіну, а значыць, знізіць бюджэтнае фінансаванне», — заявіў міністр. Паводле яго слоў, рынак жыллёва-камунальных паслуг патэнцыйна прывабны для прыватнага бізнэсу — ёсць пастаянны збыт, аплачаны атрымальнікамі паслуг. Аднак, як лічыць Шорац, гэты рынак не развіваецца ў належнай меры, тормазам служаць дзеючыя ўмовы фарміравання тарыфаў. Прапанову міністра ЖКГ падтрымаў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін.
Штосьці я не разумею: па розуме, калі ў ЖКГ прыходзіць інвестар і прыватнік, гэта ён павінен укладаць грошы ў тое, каб належным чынам і ў належнай якасці аказваць жыллёва-камунальныя паслугі. А ўжо потым «адбіваць» гэтыя грошы: хочаш больш якасныя паслугі — больш плаці.
Але «плаціць за інвестыцыі» прапануецца не інвестару, а наадварот — атрымальніку паслугаў. І прычым, плаціць яшчэ ДА атрымання гэтых паслугаў, а не ПАСЛЯ гэтага. Дзе гарантыя, што мы заплоцім «за мадэрнізацыю ЖКГ», а гэтая мадэрнізацыя не ляснецца, як ляснулася ўся іншая мадэрнізацыя?
Традыцыйна грошы злупяць з курцоў. Сапраўды, трэба спортам займацца, як Домрачава, а не паліць і не псаваць здароўе. З1 сакавіка ў чарговы раз падаражэюць цыгарэты. Максімальныя рознічныя цэны на асобныя віды цыгарэт у Беларусі з 1 сакавіка вырастуць на 0,5–14,3%. Новыя цэны на тытунёвыя вырабы апублікаваныя на сайце Міністэрства па падатках і зборах.
Падаражанне закране найбольш папулярныя ў курцоў маркі цыгарэт: Alliance, Magna, LD, Monte Сarlo, Pall Mall, Viceroy, Capri, Glamour, Lucky Strike, Winston, Camel, Kent, Vogue, Sobranie.
Усё б нічога, але… Гэтае падаражанне — ужо трэцяе за год, і цыгарэты ў краіне даражэюць кожны месяц. Апошні раз цыгарэты даражэлі 1 лютага 2014 года — на 3–21%. А «перадапошняе» падаражанне было 1 студзеня 2014 года, і яно было найбольш балючым для гаманцоў курыльшчыкаў — тады тытунь падаражэў ад 3,6% да больш чым 50%. «Перад-перадапошняе» падаражанне было 1 снежня 2013 года — на 2–14%. То бок, за тры зімовыя месяцы некаторыя віды гэтай прадукцыі падаражэлі ўдвая.
Не менш традыцыйна даражэе валюта. «Знакавым днём» для яе стала серада, 26 лютага. Долар у гэты дзень перасягнуў псіхалагічны рэкорд у 9 750 рублёў. Такі ж псіхалагічны рэкорд у 13 400 рублёў пераадолеў і еўра. Да прагназаваных экспертамі яшчэ ў мінулым годзе 10 тысячаў за долар засталося зусім няшмат.
І, што самае цікавае, скончыўся беларускі зарплатны цуд. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, у студзені 2014 года сярэдняя заработная плата ў Беларусі склала 5,32 мільёна рублёў. Пры гэтым ва ўсіх абласцях яна была ніжэйшай за сярэднерэспубліканскі ўзровень.
У параўнанні са снежнем, калі традыцыйна за кошт дадатковых выплат даходы насельніцтва вышэйшыя, у студзені намінальная заработная плата знізілася на 9,4%, а рэальная зарплата (з улікам інфляцыі) — на 10,5%.
Разам з тым трэба адзначыць, што ў апошнія месяцы росту даходаў насельніцтва ў краіне не назіраецца. Цяперашняга ўзроўню (5,3 мільёна рублёў) сярэдняя заработная плата дасягнула яшчэ ў трэцім квартале 2013 года.
Канешне, шматлікія знаўцы эканомікі даўно казалі, што нельга атрымліваць грошы ні за што, і не павінна быць росту зарплаты ў 20%, калі ВУП Беларусі павялічыўся толькі на 1,5%. Але паніжэнне сярэдняга заробку на 10% — гэта такі ж псіхалагічны ўдар для насельніцтва, як і рэкорды долара і еўра. Гэта значыць, што «беларускі эканамічны цуд» ператварыўся беларускі эканамічны жах, а «крыштальны сасуд» даў расколіну.
Увялі б яны адразу «падатак на выплату алімпійцам», ды ўсё. Што мы, не скінуліся б для Дашы?