Ці гатовы нашы гарады прапанаваць добрыя ўмовы для адпачынку?
Вось-вось грымнуць канікулы і пачнуцца адпачынкі ў дарослых. Не ўсе, канечне, змогуць паехаць на мора — многія, як і кожны год, застануцца летам у сваіх гарадах. Журналісты “Тут і цяпер вырашылі даведацца на прыкладзе Магілёўскага рэгіёна, ці гатовы гарады прапанаваць дзецям і дарослым цікавы, карысны і недарагі адпачынак. Клімавічы
Вось-вось грымнуць канікулы і пачнуцца адпачынкі ў дарослых. Не ўсе, канечне, змогуць паехаць на мора — многія, як і кожны год, застануцца летам у сваіх гарадах. Журналісты “Тут і цяпер вырашылі даведацца на прыкладзе Магілёўскага рэгіёна, ці гатовы гарады прапанаваць дзецям і дарослым цікавы, карысны і недарагі адпачынак.
Клімавічы
Ужо другі год у Клімавіцкім раёне дзейнічае мэтавая інавацыйная пляцоўка, арганізаваная для абмену перадавым досведам па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Яе існаванне дазваляе думаць і
спадзявацца, што клімавіцкія юнакі і дзяўчаты знаходзяцца ў нейкіх лепшых умовах у параўнанні з равеснікамі з іншых рэгіёнаў. Ва ўсякім разе, літаральна на днях мясцовы ідэолаг з гонарам паведаміла
абласной газеце, што "ў нас наладжана цікавая работа з моладдзю, ёсць чым падзяліцца з калегамі".
Але рэчаіснасць паказвае, што для раённага аддзела ідэалогіі работа з моладдзю азначае стварэнне маладзёжных добраахвотных дружын, заахвочванне маладых спецыялістаў, патрыятычнае выхаванне школьнікаў і студэнтаў. Менавіта такімі дасягненнямі могуць пахваліцца арганізатары інавацыйнай пляцоўкі.
У выніку моладзі застаецца самой вырашаць праблему правядзення вольнага часу. Варыянтаў зусім няшмат: дыскатэка ў цэнтры культуры, наведванне бара і кафэ, прагулкі ў гарадскім парку. Аматары спорту маюць магчымасць займацца ў секцыях ці хадзіць у басейн. Месцаў для адпачынку амаль што няма, таму падлеткі збіраюцца адзін у аднаго на кватэрах або ладзяць гулянкі на прыродзе за горадам. Не дзіўна, што пераважная большасць маладых людзей імкнецца назаўсёды з'ехаць з Клімавічаў пры першым зручным выпадку.
Крычаў
Яшчэ ў савецкія часы з-за гумавай вытворчасці і цэментнага прадпрыемства горад меў славу аднаго з самых экалагічна нездаровых. Аднак жа наступнае, паслясавецкае начальства, нямала пастаралася для
выпраўлення гэтай сітуацыі. І выправіла, праўда, паралельна амаль згубіўшы названыя вышэй вытворчасці. Магчымасці для работы ў трэцім па велічыні горадзе рэгіёна, такім чынам, надта звузіліся, але
людзі засталіся. Больш за тое, яны жэняцца, нараджаюць дзяцей. Малыя растуць хутка: вось ужо і пабеглі да каруселі, арэляў, самаходных дзіцячых аўто...
Не, на жаль, гэта толькі фантазія. Дзеці мо і хацелі б пабегчы, але няма да чаго. Нядаўна, дзякуючы суботніку, у парку быў адноўлены фантан, які іграе цяпер на сонцы рознакаляровымі струменямі вады. А навокал лепш і не глядзець — недакуркі, пустыя бутэлькі, пластыкавы і папяровы посуд, рознае смецце. І так ва ўсім парку.
Да аднаўлення "Казачнай паляны" ў камунальнай службы горада, як кажуць, рукі не дайшлі. На паляне гэтай дзяцей некалі вабілі да сябе драўляныя скульптуры казачных і літаратурных персанажаў і драўляны домік. З цягам часу ўсё гэта разбурылася і пагніло.
Побач выраслі два вялікія мікрараёны, а з дзецьмі пагуляць бацькам і няма дзе. Існуючая тут нейкая пляцоўка з кручастымі прыстасаваннямі для гульняў, што выраблены з труб, праблему не вырашае. А іржавыя атракцыёны ў так званым гарадскім дзіцячым парку даўно маюць неэстэтычны выгляд і, здаецца, не адпавядаюць нормам эксплуатацыі.
Магілёў
У абласным цэнтры праблемы з наяўнасцю месцаў адпачынку для дзяцей і моладзі, на першы погляд, няма. Хаця многія адкрыта шкадуюць аб страчаным колішнім парку адпачынку імя Горкага. Цяпер тут стаіць
капліца, па памерах больш падобная на паўнавартасную царкву і ўзведзеная ў гонар рускага цара Мікалая II, што перад рэвалюцыяй меў у Магілёве стаўку як галоўны камандуючы.
За час будаўніцтва капліцы-царквы (добрыя 5 гадоў) парк практычна знік. Нейкія дрэвы яшчэ захаваліся, але ўсе атракцыёны закрыліся, і цяпер людзі прыходзяць сюды альбо ў царкву, альбо з цікаўнасці — не ўсе магілёўцы яшчэ вераць, што ў парку сапраўды адбыліся такія перамены.
Такім чынам, на правым беразе Дняпра, дзе раскінуўся цэнтр горада, месца для адпачынку фактычна не засталося. Нельга ж лічыць такім месцам лапікі гарадскога асфальту перад скверам і на пешаходнай вуліцы, якія прадпрымальныя фірмачкі і пракатныя ўстановы выкраілі для размяшчэння некалькіх арэляў, паравозіку з двума вагончыкамі, аўтапарка дзіцячых самаходных машынак і матацыклікаў, закрытых стралковых міні-ціраў...
Тут усё нязручна: месцы дыслакацыі, суседства з "дарослымі" кафэ і агароднінна-садавіннымі палаткамі, а самае галоўнае, канечне, — зусім недзіцячыя кошты. 5 хвілін баўлення часу на атракцыёнах каштуюць ад 6 да 10 тысяч рублёў. А што дзіцяці гэтыя 5 хвілін забавы?! Нават і адчуць не паспее... Ну, гэта для тых, у каго такія грошы для забавы свайго дзіцяці ў кішэні ёсць. Выглядае, што ў большасці няма, бо той паравозік, калі не стаіць у чаканні пасажыраў гадзінамі, то коціцца па пешаходнай вуліцы, як правіла, напаўпусты.
Юнакам жа з дзяўчатамі застаюцца выключна дыскатэкі. Тыя, хто самастойна займаюцца сваім адпачынкам, групуюцца каля Вечнага агню на Савецкай плошчы і катаюцца на акрабатычных веласіпедах і ролікавых
дошках. Спецыяльнай трасы там няма, таму моладзь выкарыстоўвае для сваіх практыкаванняў звычайныя гарадскія лесвіцы, парогі, з'езды, подыумы.
Адно з улюблёных месцаў маладых людзей — пляцоўка перад фасадам абласнога драмтэатра з бронзавай скульптурай "Дама з сабачкам". Днямі скульптура "пазбавілася" парасона, які трымала ў руках тая чэхаўская Дама. Здарылася гэта выпадкова альбо спецыяльна нехта сапсаваў скульптурную кампазіцыю (ад лішку энергіі), пакуль што невядома. Аднак цяпер адміністрацыя тэатра, канечне, адсюль пагоніць моладзь. І хто ведае, куды тая падасца?..
Паводле “Тут і цяпер