Былы палітзняволены Уладзімір Яроменак на волі
Актывіст міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) былы палітзняволены Уладзімір Яроменак выйшаў на волю сёння ў 8.15 з арыштнага дома ў Баранавічах. Аб гэтым БелаПАН паведаміла жонка актывіста Валянціна, якая ездзіла яго сустракаць.
Паводле яе слоў, Уладзімір адчувае сябе добра. Акрамя жонкі Яроменка сустракалі таварышы па "Маладым фронце".
У жніўні мінулага года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Яроменка вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду і прыгаварыў яго да трох месцаў арышту. Асуджаны і яго адвакат
абскардзілі прыгавор у вышэйшай інстанцыі, аднак Мінгарсуд, разгледзеўшы скаргу ў лістападзе, пакінуў прыгавор у сіле. 11 снежня Яроменак быў узяты пад варту.
Уладзімір Яроменак праходзіў у якасці абвінавачванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Яго прыгаварылі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага
рэжыму, але ў жніўні 2011-га вызвалілі на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Над Яроменкам устанавілі прэвентыўны нагляд, пасля чаго ён трапляў у суд двойчы. 27 красавіка 2012 года яго
асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства, а 24 студзеня 2013-га — на 12 сутак арышту за парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду.
Праваабаронцы неаднаразова заяўлялі, што прэвентыўны нагляд выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі ў дачыненні да былых палітзняволеных для таго, каб кантраляваць іх дзеянні і прымусіць адмовіцца ад
актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Арцём Шрайбман, БелаПАН