Былы палітвязень Малчанаў ажаніўся і знайшоў працу
Ён працуе за невялікі заробак на заводзе ў Барысаве. Раней Аляксандр Малчанаў хацеў жыць і працаваць у Мінску, але міліцыя не дала яму такога дазволу.
Цяпер ён чакае заканчэння тэрміну прафілактычнага нагляду і пасля ўжо будзе спрабаваць перабрацца ў сталіцу, паведамляе Радыё Свабода.
Нагляд за былым палітвязнем заканчваецца ў студзені наступнага году, аднак Малчанаў не выключае, што яго могуць працягнуць.
Яшчэ адна прыемная навіна у жыцці Аляксандра — ён пабраўся шлюбам з дзяўчынай Вольгай, якая ад 15 лістапада ўзяла яго прозвішча і стала звацца Малчанавай.
У 2011 годзе Аляксандра Малчанава асудзілі на 4 гады зняволення за ўдзел у мітынгу пратэсту 19 снежня 2010 года. Праз некалькі месяцаў ён быў памілаваны і выйшаў на волю. У 2012 годзе былы палітвязень зноў апынуўся ў калоніі на паўтара года паводле абвінавачання ў крадзяжы металалому. Сёлета ўлетку Аляксандр Малчанаў выйшаў на волю з калоніі ў Навасадах.