Былому ахоўніку Лукашэнкі Андрэю Уцюрыну прысудзілі 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

27 ліпеня Вярхоўны суд вынес вырак намесніку кіраўніка Савета бяспекі Беларусі, а таксама былому кіраўніку Службы аховы Лукашэнкі Андрэю Уцюрыну. Яго прызналі вінаватым і прысудзілі 12 гадоў пазбаўленья волі ў калоніі строгага рэжыму з пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады на 5 гадоў і пазбаўленнем звання палкоўніка запасу, піша Радыё Свабода​. У яго таксама канфіскуюць 192 тысячы долараў, прызнаных атрыманым хабарам.

Андрэй Уцюрын на судзе 11 красавіка. Фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Андрэй Уцюрын на судзе 11 красавіка. Фота: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Шэрагу абвінавачаных у гэтай справе, у тым ліку Уцюрыну, скароцяць тэрмін на год праз амністыю.
Былому кіраўніку «Белтэлекаму» Сяргею Сівадзедаву прысудзілі 7 гадоў пазбаўлення волі. Адносна яго ўжылі артыкул 69 КК РБ аб змякчальных абставінах (пайшоў на дасудовае пагадненне са следствам), не маглі прысудзіць больш за палову максімальнага тэрміну. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару на суму не менш як 470 тысяч долараў і 15 тысяч еўра.
Былога старшыню праўлення «Беларускага міжбанкаўскага разліковага цэнтру» Фелікса Каспяровіча асудзілі на 7,5 года пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару разам з Падгорным на суму 868 750 долараў.
Былога намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага банка Андрэя Падгорнага асудзілі на 7,5 года пазбаўлення волі і канфіскацыю 526 тысяч долараў (яшчэ частку сумы ён ужо сплаціў). Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару разам з Каспяровічам на суму 868 750 долараў.
Былому дырэктару Інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юрыю Зданевічу прысудзілі 7 гадоў пазбаўлення волі, канфіскацыю 20 тысяч долараў, 8 тысяч еўра і кампенсацыю шкоды ў 52 тысячы долараў. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару на суму 82 500 долараў.
Былому начальніку ўпраўлення інфармацыйнай бяспекі «Беларусбанка» Аляксею Мілаванаву прысудзілі 6 гадоў паўбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару на суму 27 тысяч долараў.
Фактычнаму кіраўніку кампаніі «Мабільны сэрвіс» Уладзіміру Жыліну прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму 900 250 долараў.
Саўладальніку і аднаму з фактычных кіраўнікоў кампаніяў «Салідэкс» і «Салідэкс ПІ» Сяргею Пакрышку прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму 195 тысяч долараў.
Прадстаўніку «Мабільнага сэрвісу» Аляксандру Броўку прысудзілі 4 гады абмежавання волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму 13 тысяч долараў і даванні маёмасці на 1000 фунтаў стэрлінгаў.
Былому выканаўчаму дырэктару банка «БелВЭБ» Юрыю Панамарову прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару на суму 13 тысяч долараў і даванні маёмасці на 1000 фунтаў стэрлінгаў.
Прадстаўніку кампаніі «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» Міхаілу Прыгару прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у даванні хабару на суму 285 тысяч долараў.
Дырэктару «ТТ-Сувязькам» Уладзіміру Томчанку прысудзілі 3 гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму ў 9 тысяч долараў.
Грамадзяніну Расіі, прадстаўніку кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Телеком» Віталію Гарбачову прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму не менш як 190 тысяч долараў.
Грамадзяніну Расіі, прадстаўніку кампаніяў «Смартлабс» і «УГМК-Телеком» Уладзіміру Казанцаву прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму не менш як 190 тысяч долараў.
Грамадзяніну Латвіі, саўладальніку кампаніі «ДПА» Сяргею Шаркаву прысудзілі штраф у 35 тысяч рублёў (5 тысяч базавых велічыняў).  Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму ў 53 тысячы долараў.
Былому начальніку Галоўнага ўпраўлення плацёжнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанка Ігару Кудасаву прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі, але вызвалілі ад пакарання праз сканчэнне тэрміну даўніны.  Яго прызналі вінаватым у перадачы хабару на суму не менш як 30 тысяч долараў.
Справу Андрэя Уцюрына Вярхоўны суд пачаў разглядаць яшчэ 10 сакавіка, у працэсе некалькі разоў абвяшчаліся працяглыя перапынкі. Агулам на лаве падсудных было 16 чалавек, 12 з якіх знаходзіліся пад вартай, яшчэ 4 наведвалі паседжанні самастойна. Матэрыялы абвінавачвання займалі 47 тамоў.
Былы намеснік сакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын некалькі гадоў кіраваў службай бяспекі кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Яго затрымалі ў красавіку 2019 года і абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч.3 артыкула 430 (атрыманне хабару), ч. 5 артыкула 16 (саўдзел у злачынстве) і ч.2 артыкула 431 (даванне хабару паўторна альбо ў асабліва буйным памеры).
Агульная сума атрыманага Уцюрыным хабару, паводле абвінавачання, склала каля 190 тысяч долараў. Максімальнае пакаранне паводле гэтых артыкулаў КК прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
На адным з першых паседжанняў Андрэй Уцюрын пагадзіўся з абвінавачаннем, аднак адзначыў, што не зусім згодны з кваліфікацыяй. Падчас допыту ў судовай зале Уцюрын паведаміў, што грошы атрымліваў ад старых знаёмых у якасці пазыкі на будаўніцтва дома. Абвінавачанне з гэтым не пагадзілася.
Пракурор адзначыў, што падчас суда выявіліся супярэчнасці паміж паказаннямі Андрэя Уцюрына, дадзенымі падчас папярэдняга сьледства, і тым, што ён гаварыў непасрэдна падчас працэсу.
«Паказанні Уцюрына, згодна якім атрыманыя ім грашовыя сродкі з'яўляюцца пазыкай (гаворка ішла толькі пра частку з 190 тысяч долараў. — РС), з'яўляюцца непраўдзівымі», — паведаміў пракурор падчас судовых спрэчак. На думку абвінаваўцы, калі б атрыманыя былым намеснікам сакратара Савету бяспекі грошы сапраўды былі пазыкай, то атрыманне іх можна было б аформіць адпаведным чынам, падпісаўшы дамову альбо згадаўшы атрыманую суму ў падатковай дэкларацыі.
svaboda.org