«Бурленне ў ніжніх пластах стабільнасці» — і ёсць тая самая прыкмета расколу эліт?

Беларуская стабільнасць так уладкаваная, што на яе вышэйшых узроўнях прыкмет расколу элітаў не разгледзіш, пакуль яны канчаткова не расколюцца. Але бурленне ў ніжніх пластах стабільнасці і ёсць тая самая прыкмета. Ну проста якія эліты — такі ў іх і раскол, мяркуе аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі».

cihi_pratest____fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__img_5873_logo_logo.jpg

Ты ўжо мяне прабач. Я тут правёў назіранне за ніжнімі пластамі стабільнасці і буду з табой ім дзяліцца. Таму што я лічу, што дрыгаценне ў ніжніх пластах стабільнасці ёсць вялікая прыкмета. Ну, проста якія пласты, такія там і прыкметы.

Учора старшыня Цэнтральнай электаральнай камісіі Карпенка зрабіў вымову прынцыповай дармаедцы Бондаравай. Не называючы, вядома, імёнаў. А прынцыповая дармаедка Бондарава як пачала пасля гэтага рабіць вымову Карпенку, так дагэтуль не можа спыніцца.

Не буду ўдавацца ў дробныя багаслоўскія дэталі іх рознагалоссяў па пытанні электаральна-моўнага суверэнітэту. Сутнасць у тым, што дармаедка Бондарава прыгразіла непрызнаннем усяго электаральнага працэсу, калі яе патрабаванні не будуць выкананыя.

Вось нават я з усёй сваёй прававой блізарукасцю бачу ў гэтай пагрозе ўсе прыкметы дыскрэдытацыі электаральнага працэсу. А асобы, спецыяльна ўпаўнаважаныя ўсе заўважаць — не бачаць. І заўваж, не першы раз.

Я табе проста нагадаю, што дармаедка Бондарава ўжо атрымала безумоўную перамогу над Мінкультам. Абзывала крыўднай палітычнай тэрміналогіяй асабістых сваякоў гаранта. Не кажучы ўжо пра рэгулярнае ўтаймаванне асобных кіраўнікоў ніжняга і сярэдняга звяна. І нічога ёй за гэта ні разу не было, акрамя аднаго выпадку непераканаўчых выбачэнняў.

А ўсё чаму? Таму што дармаедка Бондарава — яна ж не сама сабе дармаедка. Яна каму трэба дармаедка. І тыя, каму трэба, сваю дармаедку ў крыўду не даюць. Таму што ў Бондаравай на языку тое, што ім даводзіцца трымаць у розуме ў сілу некаторых службовых абмежаванняў. Таму ад дармаедкі ім усім ёсць вялікая практычная карысць.

І ўвогуле, не біном Ньютана разгадаць, каму канкрэтна ёсць гэтая карысць. Вось літаральна ўсім спецыялістам па генацыдзе беларускага народа ва ўсёй іх ведамаснай разнастайнасці.

Я чаму табе пра гэта распавядаю ва ўсіх малаапетытных падрабязнасцях? Вось многія ў апошні час ўзіраюцца ў стабільнасць, каб разглядзець у ёй прыкметы расколу элітаў. Але беларуская стабільнасць так уладкаваная, што на яе вышэйшых узроўнях прыкмет расколу элітаў не разгледзіш, пакуль яны канчаткова не расколюцца.

А мне раптам падумалася, што бурленне ў ніжніх пластах стабільнасці і ёсць тая самая прыкмета. Ну проста якія эліты — такі ў іх і раскол. 

Таму што гарант стабільнасці ўжо не заўсёды можа гарантаваць сабе выразную гаворку. І, вядома, зацікаўленыя бакі зацікаўлены загадзя падрыхтавацца да раптоўнага заканчэння тэрміну яго гарантый. А калі падрыхтавацца добра, то заканчэнне гарантыйнага тэрміну можна нават трошкі паскорыць. Галоўнае, каб у гэты момант побач не было канкурэнтаў, якія могуць перахапіць палітычную ініцыятыву. 

Таму ад сябе асабіста я магу сказаць толькі адно: заўзеем за абодва бакі і жадаем самага моцнага здароўя загінулым.