«Як толькі Пуцін не зможа яму дапамагаць, стабільнасць у гаранта адразу скончыцца»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» прыйшоў з навагодніх святаў, і адразу заўважыў знакі, якія некаму ў Беларусі дасылае Прыднястроўе. Галоўнае, каб сёй-той гэтыя знакі заўважыў. Яшчэ не позна. Ці ўжо позна?
Столькі ўсяго было, пакуль мяне тут тыдзень не было, што я нават не ведаю з чаго пачаць. Можа з таго, што Еўропе ўжо амаль зусім адключылі расійскі газ, а яна ўсё роўна не праяўляе ніякіх прыкмет замярзання? Хоць, заўваж, саюзны тэлевізар злараднічае з апошніх сіл. Праўда, без ранейшага агеньчыка і запалу. Ну цяжка падтрымліваць запал на чацвёрты год аповедаў пра замярзаючую без расійскага газу Еўропу. Асабліва, калі замярзае не Еўропа, а зусім наадварот.
Таму што галоўным пацярпелым ад адключэння расійскага газу стала Прыднястроўе. Якое якраз сапраўды замярзае ў самым літаральным сэнсе гэтага слова. Спачатку там спынілі працу ўсе заводы, потым адключылі ў дамах газ, а за газам пачалі адключаць цяпло. Электрычнасць месцамі яшчэ пакуль засталася, але не вельмі рэгулярна. Запасаў газу Прыднястроўю хопіць на два тыдні, а запасаў вугалю добра калі на два месяцы.
І заўваж, яшчэ да 1 студзеня ў Прыднястроўі ўсё было добра. Ну, настолькі добра, наколькі магло быць добра ў расійскага хаўрусніка. Прыднястроўе рабіла з бясплатнага расійскага газу электрычнасць і прадавала яго рынкавымі коштамі ў Малдову. Ну і наогул, усё, што Прыднястроўе рабіла, яно рабіла дзякуючы бясплатнаму расійскаму газу. Вось Прыднястроўе ўмела жыць на поўным расійскім утрыманні, а па-іншаму яно жыць неяк не навучылася.
Таму, калі Малдова прапанавала Прыднястроўю (не чужыя ўсё ж такі людзі) дапамагчы з купляй газу, мясцовыя ўлады ганарліва адмовіліся. Сказалі, што Расія ім дапаможа. І Расія ж сапраўды абяцала дапамагчы. Расія прыстрашыла, што яна будзе абараняць сваіх грамадзян у Прыднястроўі ад газу, цяпла і святла ўсімі даступнымі ёй сродкамі. І не дапусціць рэінтэграцыі Прыднястроўя з Малдовай толькі таму, што камусьці стала раптам халодна.
І я чаму з усёй разнастайнасці магчымасцяў абраў табе Прыднястроўе? Таму што ягоны прыклад — камусьці навука. Ну калі сяго-таго не навучыў прыклад сірыйскага Асада, то можа ён навучыцца з другой спробы: Расія цябе заўсёды кіне.
Таму што да жыцця на поўным расійскім утрыманні некаму засталося ўжо зусім нядоўга. А яго асабістая стабільнасць знаходзіцца на поўным расійскім утрыманні ўжо даўно. І цяпер гэта прыкметна бачна нават калі глядзець моцна няўзброеным вокам.
Politico уключыў звяржэнне гаранта беларускай стабільнасці ў спіс сваіх 15 «чорных лебедзяў» на гэты год. Прычым, заўваж, эксперты Politico лічаць, што ад сяго-таго яго асабістая стабільнасць ужо наогул ніяк не залежыць. Што як толькі Пуцін не зможа яму дапамагаць, стабільнасць у гаранта адразу скончыцца.
Таму што сваёй стабільнасцю гарант змарыў ужо нават лаяльныя катэгорыі насельніцтва. І калі знойдзецца каму прапанаваць гэтым катэгорыям якія-небудзь гарантыі, то гарант вельмі хутка скончыцца. Таму што ён, у сваім бягучым стане нікому ніякай стабільнасці прапанаваць не можа.
Так што са стабільнасцю цяпер усё значна горш, чым было пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.