Дарадца Белага дома: Расія ва Украіне пацярпела адну з самых вялікіх і дарагіх паразаў
Ідзе 1051-шы дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Нягледзячы на вялікія страты і шматлікія штурмы, Расія вельмі марудна прасоўваецца ва Украіне. Тым часам адказныя асобы не прагназуюць, што дапамога Украіне ў адбіцці расійскай агрэсіі як-небудзь зменшыцца. А Расія працягвае губляць не толькі ў ваенным, але і ў эканамічным плане.
За мінулыя суткі, 8 студзеня, на лініі фронту адбылося 192 баявыя сутыкненні. Больш за ўсё расіяне атакавалі ў Курскай вобласці, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 9 студзеня.
На Пакроўскім кірунку адбіта 42 штурмавых дзеянняў расійцаў. На Курахоўскім кірунку войскі РФ атакавалі 38 разоў. На Врэмаўскім кірунку адбіта 16 атак у напрамку Канстанцінопаля.
На Купянскім кірунку сілы абароны адбілі 12 атак у напрамку Петрапаўлаўкі. На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 17 разоў паблізу Копанак, Новаегораўкі, Тэрнаў.
У Курскай вобласці сілы абароны адбілі 48 атак расійцаў, сутычкі не спыняюцца.
* * *
Лінія фронту знаходзіцца за два кіламетры ад Купянска, заявіў начальнік Купянскай гарадской ваеннай адміністрацыі Андрэй Бяседзін. Паводле яго слоў, армія РФ пастаянна спрабуе ажыццяўляць штурмавыя дзеянні. «Вораг спрабуе выйсці на асноўную трасу Сватава-Купянск, каб потым выйсці на сам горад. Таксама вельмі складаная сітуацыя на кірунку Загрызава-Лазовая-Круглякоўка. Там вораг пастаянна праводзіць штурмы, каб выйсці на левы бераг ракі Аскол», — дадаў Бяседзін.
* * *
Старшыня Пакроўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Дабрак паведаміў пра ўзмацненне абстрэлаў горада. Паводле яго, расійскія войскі знаходзяцца на адлегласці менш за тры кіламетры ад Пакроўску.
Ён таксама адзначыў, што ў горадзе дагэтуль застаецца 7200 чалавек, нягледзячы на адсутнасць электразабеспячэння, газу і водазабеспячэння, якое спынілася яшчэ летам. Эвакуацыя жыхароў працягваецца: «Ужо няма пунктаў збору для эвакуацыі. Людзей забіраюць адрасна з дамоў. Людзей вязуць у асноўным у Паўлаград, размяшчаюць у месцах кампактнага пражывання».
* * *
У ноч на 9 студзеня аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў у шэрагу населеных пунктаў Данецкай вобласці. У прыватнасці, па даных праекта, расійцы прасунуліся ў Тарэцку, Пяшчаным, каля Ваздзвіжанкі, Баранаўкі, Салёнага, Славянкі, Петрапаўлаўкі, Новаелізаветаўкі і Курахова.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) таксама фіксуе прасоўванне войскаў РФ у Курскай вобласці, у раёне Тарэцка і пад Курахова. Расійскія акупанты, імаверна, перакідваюць сілы з Курахоўскага кірунку ў раён Мірнаграда на Пакроўскім кірунку.
На астатніх участках фронту, нягледзячы на паведамленні аб штурмавых дзеяннях расіян, ISW не знайшоў пацвярджэння прасоўвання расійскіх войскаў.
* * *
* * *
У ноч на 9 студзеня расійцы запусцілі па Украіне 70 ударных беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА) тыпу Shahed і беспілотнікі-імітатары. Да адбіцця паветранай атакі прыцягвалася авіяцыя, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.
Расійцы запускалі дроны з кірункаў расійскіх гарадоў Мілерава, Арол, Курск, Бранск, Прыморска-Ахтарск.
Пацверджана збіццё 46 дронаў. Таксама 24 дрона-імітатара былі лакацыйна страчаныя без негатыўных наступстваў. У выніку падзення абломкаў БпЛА пашкоджаны прыватныя дамы ў Харкаўскай, Сумскай, Чаркаскай абласцях.
* * *
Расія павялічвае выкарыстанне беспілотнікаў, кіраваныя праз валаконна-аптычны кабель. Гэтыя дроны дазваляюць расійскім войскам эфектыўна абыходзіць сродкі радыёэлектроннай барацьбы Украіны, піша ISW.
Паводле інфармацыі, атрыманай ад аднаго са спікераў украінскай брыгады, гэтыя дроны прымяняюцца па ўсёй лініі фронту. Аднак, нягледзячы на актыўнае выкарыстанне гэтых беспілотнікаў, іх прымяненне пакуль не з'яўляецца сістэматычным. Оптавалакновыя дроны маюць некаторыя недахопы: яны больш павольныя і менш манеўраныя, чым FPV-дроны, што робіць іх больш уразлівымі для стралковай зброі.
* * *
Адміністрацыя дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна да ўступлення на пасаду новага кіраўніка дзяржавы Дональда Трампа не паспее рэалізаваць усю суму ў рамках ухваленага вясной 2024 года Кангрэсам фінансавання дапамогі для Украіны. Застанецца «некалькі мільярдаў долараў», заявіла намесніца спікера кіраўніка Мінабароны ЗША Сабрына Сінгх на брыфінгу ў Вашынгтоне.
Кажучы пра магчымую рызыку «замарожвання» дапамогі Украіне з боку ЗША новай адміністрацыяй Трампа, Сінгх адзначыла, што Кіеў мае двухпартыйную падтрымку ў амерыканскім Кангрэсе. «Падтрымка Украіны ў Кангрэсе застаецца моцнай», — дадала Сінгх.
* * *
Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін у інтэрв'ю Bloomberg News заявіў, што нават нягледзячы на тое, што Расія, здаецца, мае перавагу ў сваім уварванні ва Украіну, Крэмль сутыкаецца з нарастаючай колькасцю праблем, што ўскладняць любыя спробы замацаваць свае дасягненні.
«Існуе меркаванне, што Расія мае тут перавагу і мае ўсе козыры. У яе ёсць некаторыя перавагі, але яна не цалкам дамінуе ў гэтым параўнанні. І калі яна атрымае тое, што хоча, гэта будзе дорага каштаваць у будучыні» — адзначыў кіраўнік Пентагона.
У прыватнасці ён заўважыў, што Расія ўжо «паехала ў КНДР, Іран, каб атрымаць дапамогу, зброю і боепрыпасы, а цяпер яшчэ і людзей», адзначаючы, што Паўночная Карэя адправіла тысячы вайскоўцаў у Расію.
Акрамя таго, акупацыя вялікіх тэрыторый Украіны і ў далейшым запатрабуе значных рэсурсаў ад РФ, каб гэтыя тэрыторыі ўтрымаць — нават пасля спынення агню. «Расіі давядзецца інвеставаць шмат сухапутных сіл», — сказаў ён.
* * *
Расія пацярпела адну з самых вялікіх і дарагіх паразаў праз рашэнне Украіны спыніць транспарціроўку расійскага газу па сваёй тэрыторыі, заявіў дарадца Белага дома Джон Кірбі.
«Гэта пазбавіць Расею блізу $6,5 мільярдаў штогадовага даходу, атрыманага ад продажу газу Еўропе. Гэта адноа з самых вялікіх і дарагіх паражэнняў для Масквы», — сказаў ён.
Па словах Кірбі, ЗША спрабуюць нарошчваць пастаўкі энергарэсурсаў у Еўропу. 50% імпарту звадкаванага прыроднага газу ў Еўропу паступае са Штатаў.