1043-ці дзень вайны: Украіна спыніла транзіт расійскага газу па сваёй тэрыторыі

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

За мінулыя суткі на фронце адбылося 191 баявое сутыкненне, толькі абарону Пакроўскага, Курахоўскага і Краматорскага кірункаў расіяне спрабавалі прарваць 109 разоў, паведамляе Генштаб УСУ.

На Ліманскім кірунку вораг атакаваў 19 разоў. На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 13 атак, на Врэмаўскім кірунку праціўнік зрабіў 11 штурмаў украінскіх пазіцый

На Курскім кірунку за мінулыя суткі ўкраінскія абаронцы адбілі 13 атак расійцаў.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся паблізу Крамянной і ў Курскай вобласці. Сілы спецыяльных аперацый (ССА) УСУ апублікавалі геалакацыйныя кадры 31 снежня, якія паказваюць на ўзяцце пад кантроль Кругленькага (на паўднёвы ўсход ад Коранева). У ССА УСУ таксама паведамілі, што ўкраінскія абаронцы занялі тыя пазіцыі ў пасёлку, якія раней утрымлівалі паўночнакарэйскія салдаты.

Як украінскія абаронцы, так і расійскія войскі прасунуліся на паўночны захад ад Крамянной. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 30 снежня, паказваюць, што УСУ прасунуліся ў паўночнай частцы Цернаў (на паўночны захад ад Крамянной). Геалакацыйныя кадры ад 30 снежня дэманструюць, што войскі РФ прасунуліся ў паўднёвай частцы Цернаў.

Расійскія войскі нядаўна прасунуліся паблізу Северска. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 24 снежня, паказваюць, што расійцы, імаверна, захапілі Івана-Дар'еўку.

Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец 31 снежня заявіў, што вораг акупаваў Новаелізаветаўку на Пакроўскім кірунку, а расійскі блогер таксама заявіў пра гэта.

Таксама ISW фіксуе прасоўванне расійскіх войскаў паблізу Часавага Яру і Курахава.

* * *

У навагоднюю ноч Расія атакавала Украіну 111 дронамі з чатырох кірункаў. «У ноч на 1 студзеня 2025 года праціўнік атакаваў 111 ударнымі БПЛА тыпу" Shahed" і беспілотнікамі іншых тыпаў з кірункаў Бранск, Арол, Прыморска-Ахтарск, Крым», — паведамляюць паветраныя сілы УСУ.

Пацверджана збіццё 63 ударных БПЛА тыпу "Shahed" і беспілотнікаў іншых тыпаў, 46 варожых беспілотнікаў лакальна страчаныя, два з іх паляцелі ў Расію і Беларусь.

У Кіеве з-за падзення абломкаў дронаў пацярпелі 7 чалавек, сярод іх дзве цяжарныя жанчыны. Адна жанчына загінула пад заваламі ў жылым доме ў Пячэрскім раёне Кіева.

* * *

472189528_946875290958883_3433593585691300242_n.jpg

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) падвёў вынікі 2024 года для расійскай арміі. Як гаворыцца ў справаздачы інстытута, у 2024 годзе расійскія войскі заваявалі 4168 квадратных кіламетраў, сярод якіх пераважна палі і невялікія населеныя пункты ва Украіне і Курскай вобласці. Пры гэтым войска РФ страціла 427 тысяч салдат.

Расійскае ваеннае камандаванне пераважна аддавала прыярытэт намаганням па захопу астатняй часткі Данецкай вобласці і стварэнні буфернай зоны на поўначы Харкаўскай вобласці ў 2024 годзе, але не змагло дасягнуць гэтых мэтаў. У прыватнасці, у Інстытуце адзначылі правальную аперацыю па захопу Харкава і няўдалае ўзяцце Пакроўска да Новага года.

За ўвесь 2024 год расіяне захапілі чатыры населеныя пункты сярэдняга памеру — Аўдзееўку, Селідава, Угледар і Курахава. Самы вялікі з іх налічваў больш за 31 тысячу чалавек даваеннага насельніцтва.

«Расійскім войскам з тэмпамі прасоўвання да 2024 года спатрэбіцца крыху больш за два гады, каб захапіць астатнюю частку Данецкай вобласці. І тое гэта магчыма, калі выказаць здагадку, што ўсе наступы РФ будуць абмежаваныя Данецкай вобласцю і што яны змогуць захапіць вялікія гарадскія тэрыторыі гэтак жа лёгка, як невялікія вёскі і палі», — гаворыцца ў справаздачы ISW.

* * *

Міністэрства энергетыкі Украіны афіцыйна заявіла, што транзіт расійскага газу ў ЕС, як і планавалася, спынены раніцай 1 студзеня.

«У 07:00 у інтарэсах нацыянальнай бяспекі спыненая транспарціроўка расійскага прыроднага газу па тэрыторыі Украіны. Украіна ва ўстаноўленым парадку праінфармавала аб гэтым замежных партнёраў», — гаворыцца ў заяве міністэрства.

Транзіт расійскага газу па тэрыторыі Украіны ажыццяўляўся па дагаворах, якія былі заключаны да поўнамаштабнага нападу Расіі, у канцы 2019 года. У гэтую навагоднюю ноч тэрмін дзеяння дагавораў скончыўся, і Украіна адмовілася іх працягваць.

Расійскі «Газпром» пацвердзіў, што, як і меркавалася, з 8 раніцы па маскоўскім часе (7 раніцы па Кіеве, 5 раніцы па Лондане) транзіт газу па тэрыторыі Украіны спынены.

«У сувязі з адмовай украінскага боку падаўжаць гэтыя пагадненні "Газпром" быў пазбаўлены тэхнічнай і юрыдычнай магчымасці падаваць з 1 студзеня 2025 года газ для транзіту праз тэрыторыю Украіны. З 8:00 МСК падача расійскага газу для яго транспарціроўкі праз тэрыторыю Украіны не ажыццяўляецца», — сказана ў прэс-рэлізе расійскай кампаніі.