Брэсцкія сацыял-дэмакраты і актывісты "Гавары праўду" правялі акцыю да Дня Перамогі
У Брэсце актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і кампаніі "Гавары праўду" 6 мая правялі акцыю, прымеркаваную да Дня Перамогі.
Як паведаміла БелаПАН старшыня гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс, акцыя была арганізавана ў мікрараёне Паўднёвы каля помніка, устаноўленага на месцы масавага расстрэлу жыхароў
Брэста нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1944 гадах.
Грамадскія і партыйныя актывісты займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, высадзілі кветкі каля помніка. Затым хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр фашызму.
"Тут пахаваныя астанкі тысяч мірных жыхароў. І памяць аб іх у нашых сэрцах", — сказала Канюс.
Яна адзначыла, што сацыял-дэмакраты і актывісты "Гавары праўду" традыцыйна праводзяць памятныя акцыі да Дня Перамогі.
Ларыса Шыганава, БелаПАН