Нацболы правялі ў Мінску акцыю, затрыманых няма

Беларускія нацыянал-бальшавікі правялі 4 мая ў Мінску акцыю, прымеркаваную да адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі.



akcyja_nacblov.jpg

Фота naviny.by

Як гаворыцца ў паведамленні арганізацыі, каля галоўнага ўваходу ў парк Чалюскінцаў нацыянал-бальшавікі павесілі расцяжку "Усіх не пасадзіш!" з сімвалічным фотаздымкам прэзідэнта, размешчаным па цэнтры. А таксама распаўсюдзілі ў адным з самых наведваных паркаў адпачынку горада вялікую колькасць тэматычных улётак, якія тлумачылі сутнасць акцыі.
 

"Гэтай акцыяй актывісты хочуць прыцягнуць увагу грамадзян, уладаў і замежных турыстаў да вострай праблемы палітычна матываваных рэпрэсій супраць грамадскіх і апазіцыйных актывістаў Беларусі. У тым ліку да так званых "прэвентыўных арыштаў", калі іншадумцаў ізалююць па падложных абвінавачаннях на час дзяржаўных святаў і іншых мерапрыемстваў толькі за іншае меркаванне, якое адрозніваецца ад меркавання прэзідэнта, наконт грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне", — гаворыцца ў паведамленні.

Ніхто з удзельнікаў акцыі затрыманы не быў. "Але трэба чакаць, што рэакцыя праваахоўных органаў будзе як заўсёды бессэнсоўнай і бязлітаснай. Да адміністрацыйнага арышту могуць быць прыгавораны і актывісты, якія да акцыі ніякага дачынення не маюць", — адзначаюць нацыянал-бальшавікі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН