БПЦ выказала пратэст Канстанцінопальскаму Патрыярхату адносна аўтакефаліі ўкраінскіх праваслаўных
«У сувязі з праяўленым антыкананічным умяшаннем Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея ва ўнутраныя справы Рускай Праваслаўнай Царквы» Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы апублікаваў зварот.
Згодна з ім, Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы пастанавіў:
1. Аднагалосна і аднадушна падтрымаць пазіцыю Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, выказаную ў афіцыйнай заяве ад 8 верасня 2018 года, у сувязі з прызначэннем двух іерархаў Канстанцінопальскага Патрыярхату — архіепіскапа Памфілійскага Данііла і епіскапа Эдмантанскага Іларыёна — «экзархамі» Канстанцінопальскага Патрыярхату ў горад Кіеў.
2. Выказаць пратэст супраць дзеяння Канстанцінопальскага Патрыярхату, паколькі яно ўяўляе сабой агрэсіўнае ўмяшанне адной Памеснай Царквы ва ўнутраныя справы іншай Памеснай Царквы, накіраванае на падрыў асноў міжправаслаўнага міру і адзінства.
Апроч таго ў заяве заклікаюць духавенства і паству Беларускага Экзархату «ўзносіць асаблівыя малітвы да Госпада аб больш хуткім вылячэнні і пераадоленні сітуацыі, якая склалася, аб настаўленні і пакаянні тых, хто правакуе царкоўныя неўладкаванні і расколы, а таксама аб добрым стане Украінскай Праваслаўнай Царквы і ўмацаванні міру на зямлі Украіны».
Таксама ўзвароце выказваецца падтрымка мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Украіны Ануфрыю — кананічнаму Прадстаяцелю Украінскай Праваслаўнай Царквы. Сінод мае намер «сведчыць аб непарыўным духоўным адзінстве праваслаўных хрысціян брацкіх народаў Беларусі, Расіі і Украіны, дзяцей Рускай Праваслаўнай Царквы, якая ахоплівае сваёй апекай гістарычную Русь, духоўна народжаную ў Кіеўскай хрышчальнай купелі».
Нагадаем, Канстанцінопальскі Патрыярхат рыхтуецца прызнаць аўтакефалію Украінскай Праваслаўнай Царквы.
Паводле church.by