Боінгі «Янка Купала» і «Максім Багдановіч» — дырэктар Нацыянальнага музэю прапануе даць імёны самалётам «Белавія»
Генэральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі Ўладзімер Пракапцоў прапануе надаць Нацыянальнаму аэрапорту Беларусі імя Францішка Скарыны ў гонар 500-годзьдзя выданьня «Псалтыра», а самалёты «Белавіі» назваць імёнамі вядомых беларусаў.
«У нас каля трыццаці боінгаў лётае «Белавія». Чаму б не прысвоіць самалётам гэтым імёны выбітных дзеячоў мастацтваў — Іван Хруцкі, Станіслаў Жукоўскі, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас», — заявіў у эфіры тэлепраграмы «Буйным плянам» на тэлеканале «Беларусь 1» Пракапцоў.
Як перадае TUT.BY, дырэктары беларускіх музэяў узялі б шэфства над такімі самалётамі, каб там былі невялікія буклеты на расейскай, беларускай і ангельскай мовах, каб турысты падчас палёту маглі азнаёміцца з культурай нашай краіны.
Усё гэта не запатрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў, лічыць Пракапцоў.
«Беларусі не хапае піяру, мы то саромеемся, то ня ўмеем годна прадставіць сябе», — упэўнены дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю.
Паводле svaboda.org