Блогерка Ганна Бонд толькі сёння выйшла на волю з Акрэсціна

Папулярная блогерка правяла 15 сутак на Акрэсціна, паведаміла «Наша Ніва».

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

14 кастрычніка стала вядома аб затрыманьні вядучай і блогеркі Ганны Бонд. 16 кастрычніка яе справу разглядалі ў менскім судзе.

Блогерку абвінавачвалі па артыкуле 24.3 КаАП («Непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі»). На паседжаньне, па словах супрацоўніка суду, прыехалі сваякі блогеркі.

Меркавалася, паводле інфармацыі праваабаронцаў, што Ганну вызвалілі. Як высьветлілася, яна заставалася ў ізалятары — ёй далі 15 сутак. Пра тое, што Ганна Бонд знаходзіцца на Акрэсьціна, і што ў яе астма і іншыя сур'ёзныя праблемы са здароўем, пісала ў пятніцу блогерка Ніка Сандрас, адзначае «Свабода».

«Тым часам Ганна Бонд так і сядзіць у турме. За што і як надоўга, ніхто не піша і не кажа. СМІ паведамлялі, што яе выпусцілі, але людзі, якім я цалкам давяраю, кажуць, што не выпусцілі. Аня на Акрэсціна.

У Ані астма і іншыя сур'ёзныя праблемы са здароўем. Мне не ўсё роўна, што з ёй адбываецца.

Я ведаю нямала гісторый, калі людзей арыштоўваюць і яны быццам знікаюць з інфаполя. Сваякі не хочуць падымаць гэтую тэму з-за страху. І я іх вельмі добра разумею. І тыя, хто адседзеў, выходзяць і таксама маўчаць са страху. То-бок кожны дзень мы бачым арышты, але ёсць велізарная колькасць нябачных гісторый. Усё гэта жудасна», — напісала Ніка Сандрас, якая зараз жыве ў Польшчы.

Сёньня Бонд выйшла на волю.


Глядзіце таксама

Ганна Бонд — папулярная лайфстайл-блогерка. У інстаграме за ёй сочаць больш за 100 тысяч падпісчыкаў. Звычайна яна дзеліцца допісамі пра сваёй жыцьцё, публікуе гарачыя фоты і часам рэкламуе брэнды.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі прайшло больш за тры гады, але палітычныя рэпрэсіі ў краіне не спыняюцца ні на дзень. Нягледзячы на тое, что палітвязні ледзь не штодзень выходзяць на волю праз сканчэнне тэрмінаў зняволення, іх агульная колькасць не змяншаецца, бо рэжым Лукашэнкі кідае за краты новых зняволеных. Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», зараз у Беларусі 1480 палітвязняў. Але сапраўдная іх колькасць нашмат большая.