Блогера Паўла Спірына не выпусцяць на волю — на яго завялі новую справу
У Бабруйску 20 лістапада распачнецца суд над палітзняволеным блогерам Паўлам Спірыным, які ўжо чатыры гады і два месяцы ўтрымліваецца ў зняволенні.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, у снежні 2024 года Павел мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну. Але па ініцыятыве адміністрацыі бабруйскай калоні № 2 супраць палітвязня ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Яму могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Рашэнне будзе прымаць суддзя Дзмітрый Свірыдаў.
Павел — беларускі палітычны блогер, нагадвае «Вясна». Яго затрымалі 9 верасня 2020 года пасля выпуску новага відэароліка. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі блогер заявіў пра свой намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яго ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Павел рэзка выказваўся ў дачыненні да Лукашэнкі ў сваім выступе на пасяджэнні ЦВК, якое транслявалася ў прамым эфіры, што магло стаць адной з прычын пераследу. Пазней ён стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Спірына абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці).
Падставай для крымінальных спраў Спірына сталі яго два відэа, якія ён размясціў на сваім youtube-канале: фільм «Грань», які занесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама відэа пад назвай «Жудасная тайна генпракурора Беларусі: карт-бланш на садызм». Сацыяльнай групай у дадзеным выпадку, паводле версіі абвінавачвання, з'яўляецца «іншая» група асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, а менавіта работнікі пракуратуры, суддзі, дэпутаты, вышэйшыя службовыя асобы Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі міліцыі, супрацоўнікі АМАП і нават міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Фактычна блогера пакаралі за крытыку ўладаў, якія пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года распачалі ў Беларуі беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і гвалт.
Суддзя Мінскага гарадскога суда Дзіна Кучук 5 лютага 2021 года прызначыла блогеру чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Тэрмін яго накіравалі адбываць у бабруйскую калонію № 2. Спірын у калоніі працуе мыйшчыкам посуду. Ад былых палітвязняў стала вядома, што вязням «забаронена» размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з ім караюць «суткамі» ў ШІЗА.
На палітвязня ў зняволенні аказваецца ціск. Верагодна, яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ, бо за шматлікія «парушэнні» супраць яго ўзбудзілі справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі».