ВВС: Касацыйны ваенны суд РФ за чатыры гады адмяніў рашэнні аб рэабілітацыі больш за 250 ахвяр палітычных рэпрэсій
Расійскія суды з 2020 года масава адмаўляюць у рэабілітацыі ахвярам палітычных рэпрэсій савецкага часу
З 2020 года расійскі Касацыйны ваенны суд, які разглядае справы ахвяр палітычных рэпрэсій, адмовіў у рэабілітацыі больш чым 250 чалавек, высветліла «Руская служба ВВС», вывучыўшы рашэнні суда.
Хадайніцтвы аб пераглядзе спраў рэабілітаваных у суд падае пракуратура. Пік яе актыўнасці, як адзначаюць журналісты, прыйшоўся на 2023-ці — другі год поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У гэты час ведамства прасіла суд зацвердзіць адмову ў рэабілітацыі або адмене рэабілітацыі ў дачыненні да больш як 120 чалавек, амаль паловы ад усіх правераных з 2020 па 2024 гады.
Таксама справы рэабілітаваных разглядаюць дзевяць іншых касацыйных судоў і Вярхоўны суд. У іх базах «Руская служба ВВС» знайшла яшчэ больш за 40 спраў і тры выпадкі адмены рэабілітацыі.
Самі рашэнні судоў не апублікаваныя, а ў палове спраў, як піша «Руская служба ВВС», імёны асуджаных засакрэчаныя. Аднак па адкрытых крыніцах журналісты ўсталявалі імёны 17 чалавек, чые рашэнні аб рэабілітацыі былі адмененыя.
Паводле падлікаў журналістаў, не менш за 90 спраў былі ўзбуджаныя па савецкім артыкуле аб здрадзе радзіме (58.1 КК РСФСР). Яшчэ ў 80 справах быў указаны ўжо сучасны артыкул аб дзяржздрадзе (275 КК). Ён стаіць у ваеннапалоннага нямецкага палкоўніка Ёзэфа Майлера, які быў асуджаны па артыкуле аб «аказанні дапамогі міжнароднай буржуазіі» (58-4 КК РСФСР). Яго ў 2023 годзе таксама прызналі не вартым рэабілітацыі.
ВВС нават выявіла сярод гэтых «рэтра-спраў» артыкул 275.1 аб «канфідэнцыйным супрацоўніцтве» з замежнікамі, які з'явіўся ў расійскім КК толькі ў 2022 годзе.
Нягледзячы на запэўніванні расійскай пракуратуры, што адмена рашэнняў будзе тычыцца толькі спраў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, «Руская служба ВВС» знайшла і іншыя выпадкі. У адным з іх было адменена рашэнне аб рэабілітацыі трох чалавек, расстраляных у 1919 годзе па прысудзе камісіі ВЧК на чале з Феліксам Дзяржынскім; яшчэ два выпадкі тычацца 1931 і 1935 гадоў. Таксама журналісты высветлілі, што адмененыя некалькі рашэнняў аб рэабілітацыі, прынятых яшчэ ў СССР неўзабаве пасля смерці Іосіфа Сталіна.
Рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій рэгулюецца дзяржаўнай канцэпцыяй, прынятай у 2015 годзе, а за нагляд адказвае Генпракуратура. У чэрвені 2024 года ўрад Расіі ўнёс змены ў канцэпцыю — у прыватнасці, з апісання рэпрэсій прыбралі слова «масавых».
У верасні Генпракуратура РФ прапанавала праводзіць «пастаянную працу» па выяўленні і адмене рашэнняў аб рэабілітацыі асоб, вінаватых у здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, ваенных злачынстваў, а таксама злачынстваў супраць міру і чалавечнасці.
Пазней ведамства адсправаздачылася, што праверыла звыш 14 тысяч рашэнняў аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій і дамаглося адмены больш за чатыры тысячы з іх. У Генпракуратуры РФ сцвярджалі, што праверкі тычыліся рашэнняў, прынятых з 1990-х па 2000-я гады і закранулі перыяд Вялікай Айчыннай вайны і асоб, «якія здрадзілі радзіме».
Гісторык: Расія цяпер маніпулюе памяццю аб ахвярах
Гісторыкі бачаць у тым, што адбываецца, прамую паралель з цяперашняй палітыкай расійскай улады аб пошуку здраднікаў.
Тэма памяці пра рэпрэсіі стала лічыцца палітычнай у Расіі пасля 2014 года, і дзяржава пачала актыўна паказваць, што хоча дыктаваць палітыку памяці, каментуе даследчык Мікалай Эпле. Цяперашнія змены канцэпцыі і загад пракуратуры аб пераглядзе спраў рэабілітаваных служаць сігналам для тых, хто ўсё яшчэ працягвае працаваць з памяццю ў Расіі: “Гэтым займаецца дзяржава, не трэба лезці туды. Незалежных актараў на гэтым полі быць не павінна”».
«Я б гэта назваў палітыкай памяці па законах ваеннага часу, калі няма проста ахвяр. У мірны час могуць быць проста ахвяры. А ў ваенны час ахвяры альбо нашы, альбо варожыя», — кажа Эпле.
«Гэта цалкам савецкая традыцыя выкарыстання памяці ў выключна палітычных маніпулятыўных мэтах», — кажа пра новую канцэпцыю Мікалай Эпле.
У якасці прыкладу ён прыводзіць рыторыку Пуціна. Выступаючы ў 2009 годзе ў польскім Гданьску Пуцін казаў пра адказнасць за прыняцце пакта Молатава-Рыбентропа. «Ён гэта казаў не таму, што так лічыў, а таму што палякі ў той момант разглядаліся як магчымыя партнёры. А калі пасля пачатку вайны ў Данбасе Польшча стала ворагам ужо выразна, ён ужо пра гэта кажа зусім інакш. Гэта значыць, памяці як такой не існуе. Ёсць толькі памяць у тых ці іншых абставінах», — кажа Эпле.
Акрамя гэтага даследчык звяртае ўвагу на тое, што летам гэтага года ў Дзярждуму РФ быў унесены законапраект аб увекавечанні «памяці ахвяр генацыду савецкага народа». Для Расіі — гэта палітычны спосаб паказаць, што «мы — ахвяры», мяркуе Мікалай Эпле.
«Вось нам кажуць цяпер пра роўную адказнасць Савецкага Саюза за пачатак вайны і гэтак далей. А вось габрэі, напрыклад: да іх у сувязі з Другой сусветнай ні ў каго пытанняў няма, таму што яны ахвяры, у іх быў Халакост. І мы павінны стаць галоўнымі ахвярамі. Савецкіх людзей у гады вайны загінула 20 мільёнаў, а габрэяў 6 мільёнаў. Гэта значыць, мы вялікія ахвяры, нічога вы нам не прад'явіце», — тлумачыць ён логіку расійскай палітыкі памяці. Гэта і ёсць маніпулятыўная памяць аб ахвярах: «ахвяры самі не патрэбныя — але яны становяцца патрэбныя, калі гэта палітычна важна для чагосьці», — рэзюмуе Эпле.