Бізнесмен Кныровіч пасля турмы: Ва ўлады няма праекту шчаслівай Беларусі

Бізнесмен і былы зняволены Аляксандр Кныровіч на днях пакінуў Беларусь. Ён распавёў DW, як адбываў тэрмін, чаму вырашыў з'ехаць і што думае пра будучыню краіны.

59238677_303.jpg


Беларускі бізнесмен Аляксандр Кныровіч, які выйшаў з калоніі на волю месяц таму, пакінуў краіну. Нагадаем, Кныровіча затрымалі ў студзені 2017 года, у ліпені 2018 прысудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, пазней тэрмін скарацілі да 5 гадоў. Бізнесмена абвінавачвалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і дачы хабару. Ён часткова прызнаў віну. Многія называлі справу палітычна матываванай, бо Кныровіч адкрыта крытыкаваў уладу. Сам бізнесмен адзначае, што ніколі не хацеў статусу палітвязня, а таксама, што сёння можна толькі здагадвацца, ці магла яго грамадская пазіцыя не спадабацца уладам.
DW: Аляксандр, вам складана было вырашыцца на пераезд?
Аляксандр Кныровіч: Гэта было адносна лёгка. Я разумеў, што лепш буду пакутаваць па радзіме, займаючыся справай, чым седзячы чарговы раз у калоніі. Мяркую, альбо мая публічная пазіцыя, альбо спроба яшчэ раз заняцца бізнесам у Беларусі, хутка прывялі б да новай арыгінальнай крымінальнай справы.
— Што цяпер з вашым бізнесам? Вы нешта вінныя дзяржаве? 
— У мяне няма ніякага бізнесу, усё знішчана, закрыта, прададзена. Даўгі ёсць. Грошай, якія былі атрыманы ад продажу вытворчасцей, не хапіла. Да таго ж, патрабаванні дзяржавы былі падвоеныя пасля прад'яўлення мне субсідыярнай адказнасці. У гэтай сітуацыі ёсць два варыянты: выплачваць доўг, г.зн. аддаваць дзяржаве палову зарплаты, альбо прытрымлівацца пазіцыі, што рашэнне суда было незаконным і нічога не плаціць. Я пакуль не вырашыў, як буду дзейнічаць, таму што не атрымаў яшчэ ні адной зарплаты.
— Як вы адбывалі тэрмін, што было самым складаным?
— Складана было ў СІЗА КДБ. Там вельмі маленькія камеры, старыя сцены, якія даўно згнілі. Калі б мы раз на тыдзень іх не чысцілі, то вельмі хутка цвіль з'ела б іх цалкам. Там адсутнічае нармальны паветраабмен, з-за гэтага ўвесь час адчынена фортачка ўверсе камеры, тэмпература на вуліцы вельмі ўплывае на тэмпературу ў памяшканні. Вядома, у 21-м стагоддзі пластмасавае вядро замест унітаза — анахранізм. Але нават да тых умоў абвыкаеш і перастаеш рэагаваць на іх як на нейкую праблему, пачынаеш звяртаць увагу на рэчы, якія, сапраўды, важныя: чытаеш, пішаш лісты. Напэўна, па прынцыпах, выкладзеных у канвенцыях ААН, такія ўмовы можна прыраўняць да катаванняў. У той жа час, хачу падкрэсліць, што ні з якімі прыкладамі фізічнага або эмацыйнага гвалту ў свой адрас я не сутыкаўся.
— А якія ўмовы былі ў калоніі? Чым вы там займаліся?
— Калі трапляеш у зону, у цябе ёсць адчуванне шчасця: з маленькага душнага пакоя цябе выпускаюць вонкі, ты бачыш сонца, траву, дрэвы. Да таго ж у самой калоніі бытавыя ўмовы прымальныя. Я параўноўваю іх з раённай паліклінікай, дзе нядаўна зрабілі рамонт: там нармальная мэбля з ДСП, доступ да вады, дастаткова прасторы. Раніца ў мяне пачыналася з таго, што я рабіў сабе чай, бутэрброды, чытаў свежую газету — гэтак жа, як і на волі. Я хадзіў на стадыён, у клуб, дзе займаўся тэатрам і музычнымі гурткамі. 
У калоніі фармальна занятыя 100% асуджаных, але рэальна з тысячы працуюць каля 200 чалавек, астатнім проста няма чаго рабіць, няма працоўных месцаў. На абавязковыя працы ходзяць тыя, хто толькі паступіў у калонію, акрамя таго, ёсць людзі, якія вымушаныя працаваць на вытворчасці, таму што за гэта яны могуць атрымаць 50-60 рублёў (каля 20 еўра) у месяц. Іх ніхто не падтрымлівае са свабоды, ім няма адкуль узяць грошы на чай, цукар, цыгарэты. Я разумею, што, магчыма, мае словы ідуць насуперак з нейкім агульным уяўленнем аб знаходжанні ў калоніі, з меркаваннем аб тым, што сёння адбываецца трагедыя. Так, трагедыя, сапраўды, адбываецца, і яна, перш за ўсё, у тым, што людзі адарваныя ад сваіх блізкіх.
— Як змянілася Беларусь за чатыры гады, якія вы правялі ў зняволенні?
— У нейкім сэнсе якасць жыцця палепшылася: з'явіліся нейкія новыя сэрвісы, цікавыя ўстановы. Але гэта не мае дачынення да настрояў у грамадстве — яны абсалютна песімістычныя. Леташнія надзеі на перамены змяніліся дэпрэсіяй.
— Як падзеі 2020 года ўспрымаліся ў калоніі?
—  Як абсалютная фантастыка. Тое, што мы бачылі па Euronews, не сыходзілася з уяўленнем аб краіне, якое было да гэтага. Людзі з недаверам глядзелі навіны, абмяркоўвалі і вельмі спадзяваліся на перамены. Рэйтынг пераменаў у калоніі быў вышэйшым за 97%. Мінулая восень была бурнай, быў аптымізм, але ўзімку настрой пайшоў на спад. Забарона многіх СМІ, ціск на грамадзянскую супольнасць выклікаў расчараванне, адчуванне безнадзейнасці і дэпрэсіі. У красавіку ў калоніі перасталі паказваць Euronews, адзінымі крыніцамі інфармацыі засталіся альбо дзяржаўныя друкаваныя СМІ, альбо навіны на расійскіх тэлеканалах НТВ, "Расія 24", беларускім дзяржтэлеканале СТВ.
— Што вы думае пра пратэсты, якія пачаліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў?
—  Гэтая стыхійная хваля была выключна рамантычна выдатная, але яна захлынулася з-за адсутнасці нейкага прадуманага плана. У той жа час менавіта гэта народнае натхненне нарадзіла тое, што мне і цяпер грэе душу: людзі ўбачылі, што мы — народ, нас большасць, і ў нас ёсць адна ідэя, якая называецца "Сыходзь!". Гэта можна загнаць у падполле, на кухні, ва ўнутраную міграцыю, але змяніць немагчыма, таму што няма нейкага альтэрнатыўнага канцэпта. У цяперашняй улады няма праекта будучай шчаслівай Беларусі.
— Як, на ваш погляд, будзе развівацца сітуацыя?
— Мае прагнозы песімістычныя. Думаю, дно, якога мы дасягнулі цяпер, не канчатковае. Да таго ж, нават калі адбудуцца нейкія змены, Крэмль нас нікуды не адпусціць. Магчыма, Беларусь акажацца ў статусе Абхазіі ці Паўднёвай Асеціі.
— Што тычыцца бізнесу ў Беларусі, ці ёсць у яго будучыня?
— Большасць бізнесаў не звязаныя з палітыкай. Калі ўладальнік не будзе заяўляць, каго ён любіць, а каго ненавідзіць, яму жыць і жыць. Я выдатна разумею людзей, якія зараз не выказваюць сваю пазіцыю.
— Нядаўна вы далучыліся да стартап-хабу "ІМАГУРУ" (ліквідаваны ўладамі ў Беларусі. — Рэд.), што плануеце рабіць?
— У каманды "ІМАГУРУ" ёсць выдатны вопыт працы ў Беларусі па фарміраванні цэнтра, дзе сустракаюцца стартапы, інвестары, эксперты. Думаю, гэтая працягнецца. Цяпер ідзе запуск хаба ў Вільні, 24 верасня пройдзе першы хакатон. Хацелася б, каб такія цэнтры з'явіліся і ў іншых суседніх дзяржавах. У першую чаргу, іх дзейнасць будзе накіравана на беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму.