Беларускія экалагічныя арганізацыі падтрымалі рашэнне сейма Літвы аб бяз'ядзернай стратэгіі развіцця
Падтрымку рашэнню сейма Літвы аб бяз'ядзернай стратэгіі развіцця выказалі ўдзельнікі Беларускай антыядзернай кампаніі: Беларуская партыя "Зялёныя", аргкамітэт стварэння руху "Вучоныя за бяз'ядзерную Беларусь!", грамадскае аб'яднанне "Экадом", рэгіянальныя прадстаўнікі грамадскай кампаніі "Астравецкая атамная — гэта злачынства!" і інш.
26 снежня эколагі распаўсюдзілі адпаведны адкрыты зварот, адрасаваны прэзідэнтам і ўрадам Літвы, Беларусі і Расіі. 18 снежня літоўскі парламент прыняў рэзалюцыю "Аб ажыццяўленні вынікаў
кансультатыўнага рэферэндуму па пытанні будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі ў Літоўскай Рэспубліцы". У дакуменце ўтрымліваецца прапанова ўраду распрацаваць бяз'ядзерную стратэгію
энергазабеспячэння Літвы, а таксама адпаведныя праекты прававых актаў.
"Такія стратэгіі з'яўляюцца жыццёва неабходнымі і павінны былі папярэднічаць любым дыскусіям аб выбары энергетычнай палітыкі краіны, паколькі грамадзяне маюць права на бяспечнае
бяз'ядзернае навакольнае асяроддзе", — гаворыцца ў звароце беларускіх эколагаў.
Удзельнікі Беларускай антыядзернай кампаніі ўпэўнены, што будучыня — за экалагічна чыстымі, узнаўляльнымі крыніцамі энергіі, да якіх не належыць атамная энергетыка. Яны адзначаюць, што Літва
ўслед за Германіяй, Італіяй, Аўстрыяй і іншымі краінамі Еўропы паказала сваім суседзям — Расіі і Беларусі, што пасля Чарнобыля і Фукусімы атамная энергетыка з'яўляецца непрымальным
палітычным выбарам, а эканамічныя разлікі, праведзеныя ў Германіі і Літве, толькі пацвердзілі гэта.
"Мы лічым, што ўрады Беларусі і Расіі па прыкладзе еўрапейскіх краін павінны даць сваім грамадзянам бяспечны бяз'ядзерны выбар. Мы заклікаем урады Беларусі і Расіі спыніць будаўніцтва
сваіх небяспечных АЭС, у прыватнасці, узвядзенне Астравецкай атамнай электрастанцыі, якое было пачата без архітэктурнага праекта і неабходных узгадненняў", — гаворыцца ў тэксце
звароту.
Таццяна Новікава, БелаПАН