Беларускія сілавікі псуюць плот на мяжы з Літвой. Вільнюс назваў гэта правакацыяй

Дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс назваў дзеянні беларускіх службовых асоб па пашкоджанні агароджы на мяжы з Літвой правакацыяй, якая балансуе на вельмі небяспечнай мяжы, піша Delfi.

valstybes_sienos_apsaugos_tarnybos_vilniaus_pasienio_rinktines_gintaro_90318441.jpg

Дарадца прэзідэнта Літвы аб дзеяннях беларускіх памежнікаў на мяжы: гэта правакацыя, мы ля небяспечнай мяжы

«Адна справа — прывезці мігрантаў да мяжы і выпхнуць іх, іншая — тое, што мы назіраем прама цяпер, — гэта разбурэнне агароджы», — заявіў 30 жніўня дарадца кіраўніка дзяржавы.

Паводле яго слоў, такая сітуацыя ставіць Літву ў «вельмі небяспечную зону», паколькі, на яго думку, беларускіх службовых асоб адпраўляюць у іншую краіну для псавання фізічнай маёмасці і сродкаў абароны.

«Мы апынуліся на вельмі тонкай і небяспечнай мяжы, як мы будзем кваліфікаваць такія дзеянні ( ... ). Гэта як мінімум правакацыя», — сказаў Будрыс.

Нагадаем, у канцы мінулага тыдня на мяжы з Беларуссю завяршылася будаўніцтва плота з калючым дротам. Устанавіць агароджу на мяжы было вырашана пасля леташняга наплыву нелегальных мігрантаў з Беларусі, які Літва называе гібрыднай атакай рэжыму Лукашэнкі.

Хоць у пачатку года паток мігрантаў зменшыўся, у апошні час колькасць замежнікаў, якія спрабуюць перасекчы літоўскую мяжу нелегальна, зноў вырасла.

Па словах кіраўніка Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустамаса Любаяваса, пачасціліся і спробы пашкодзіць агароджу, чаму таксама спрыяюць узброеныя людзі, апранутыя ў форму беларускіх памежнікаў. Хоць сама агароджа знаходзіцца на тэрыторыі Літвы, затрымаць асоб, якія пашкодзілі агароджу, пакуль не ўдалося.

У чэрвені 2022 года будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю скончылі ў Польшчы. Польскія памежнікі таксама абвінавачвалі беларускіх калегаў у псаванні іх плота на мяжы.