Беларусы свету збяруцца на з’езд

На 18–19 ліпеня 2009 года ў Мінску запланаваны V З’езд беларусаў свету, паведаміла БелаПАН намесніца старшыні рады МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і старшыня рабочай групы па падрыхтоўцы форуму Ніна Шыдлоўская.

На 18–19 ліпеня 2009 года ў Мінску запланаваны V З’езд беларусаў свету, паведаміла БелаПАН намесніца старшыні рады МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і старшыня рабочай групы па падрыхтоўцы форуму Ніна Шыдлоўская.
Паводле яе слоў, гэтай тэме было прысвечана пасяджэнне малой рады аб’яднання, якое адбылося ў Мінску 2 сакавіка. На пасяджэнні была названа тэма будучага з’езда — «Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця». Вызначаны таксама тры секцыі, якія будуць працаваць на форуме: «Сродкі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі і свеце (мова, літаратура, мастацтва, друк і г.д.)»; «Магчымасці ўзаемадзеяння метраполіі і дыяспары ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны беларусаў»; «Супольная гістарычная памяць як аснова нацыянальнай еднасці беларусаў у свеце».
Як зазначыла Шыдлоўская, для падрыхтоўкі з’езда створаны арганізацыйны камітэт, у склад якога ўвайшлі 88 прадстаўнікоў з Беларусі і розных краін свету. Сустаршынямі аргкамітэта абраныя Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін, Алена Макоўская з беларускага боку, Алег Рудакоў з Расіі і Вячка Станкевіч з ЗША. Сябры рады зацвердзілі план працы аргкамітэта і рабочай групы. У склад рабочай групы, якая будзе непасрэдна праводзіць падрыхтоўку з’езда, абрана 16 чалавек.
Паводле слоў старшыні рабочай групы, важным юрыдычным вынікам пасяджэння з’яўляецца зацвярджэнне нормаў прадстаўніцтва дэлегатаў на з’езд. Згодна з імі, на форум будзе вылучана 459 дэлегатаў ад 30 краін, у тым ліку Беларусі. Сябры малой рады зацвердзілі бюджэт з’езда і заслухалі інфармацыю пра пошукі памяшкання для правядзення сусветнага форуму. Як было зазначана, знайсці памяшканне ў Мінску вельмі складана. Так, перад апошнім з’ездам, які праходзіў у ліпені 2005 года, арганізатары шукалі памяшканне на працягу месяца. «Нехта нам адмаўляе, спасылаючыся на рамонт, як кіраўніцтва Рэспубліканскага палаца прафсаюзаў, нехта ўвогуле не дае адказу», — сказала Шыдлоўская. Вось чаму, паводле яе слоў, сябры малой рады пацвердзілі гатоўнасць у выпадку перашкодаў з атрыманнем памяшкання ў сталіцы метраполіі рыхтавацца да правядзення V З’езда беларусаў свету ў суседніх краінах.