Беларусь займае 153 месца ў індэксе свабоды прэсы
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала штогадовы індэкс свабоды прэсы. Беларусь апынулася на 153 месцы з 180 краін. У параўнанні з 2021 годам яна паднялася на пяць пазіцый. Пры гэтым наша краіна апярэдзіла Расію, якую «Рэпарцёры без межаў» змясцілі на 155 месца.
![rejting.jpg rejting.jpg](/img/v1/images/rejting.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Самая небяспечная краіна Еўропы для журналістаў да
ўварвання Расіі ва Украіну, Беларусь працягвае пераслед незалежных СМІ і іх
рэпарцёраў», — такая характарыстыка даецца Беларусі ў краінавым профілі.
У індэксе адзначаецца, што беларускія СМІ ніколі не падвяргаліся
такім моцным пераследам, як пасля жніўня 2020 года. Аўтары даследавання
звяртаюць увагу на закрыццё шэрагу буйных СМІ, прызнанне іх экстрэмісцкімі,
арышты і прысуды для журналістаў.
Украіну «Рэпарцёры без межаў» змясцілі на 106
месца. Іншыя суседзі Беларусі знаходзяцца яшчэ вышэй: Польшча — на 66 месцы,
Латвія — на 22, а Літва і зусім уваходзіць у першую дзясятку найбольш свабодных
для прэсы краін. Яна займае дзевятае месца.
Узначальвае рэйтынг Нарвегія, далей ідуць: Данія, Швецыя,
Эстонія, Фінляндыя, Ірландыя, Партугалія, Коста-Рыка, Літва і Ліхтэнштэйн.
Замыкаюць рэйтынг Сірыя, Ірак, Куба, В'етнам, Кітай, М'янма, Туркменістан, Іран, Эрытрэя і Паўночная Карэя.
Паводле reform.news.