Барысаўская Моладзь БНФ збірае подпісы за дэмантаж помніка Леніну

Барысаўская гарадская арганізацыя Моладзі БНФ распачала збор подпісаў, каб прыбраць з галоўнай плошчы горада помнік Леніну

Фота з сайта leninstatues.ru

Фота з сайта leninstatues.ru

Актывісты арганізацыі стварылі петыцыю на анлайн пляцоўцы petitions.by, у якой адзначаюць, што лічаць немэтазгодным тое, што на цэнтральнай плошчы горада стаіць помнік Леніну. Замест яго прапануюць усталяваць там помнік заснавальніку горада — князю Барысу. “Зусім не разумела, чаму на цэнтральнай плошчы нашага горада стаіць помнік чалавеку, які быў у нашай гісторыі ўсяго толькі каля 70 гадоў. Дый тое не па нашай волі. У.І. Ленін ніяк не звязаны з гісторыяй нашага горада і нават не быў там ні разу. Дык чаму павінен стаяць яму помнік на цэнтральнай плошчы нашага горада? Няўжо няма больш вартай фігуры для такога месца? Чаму б ні паставіць там помнік чалавеку, які непасрэдна звязаны з нашым горадам і з’яўляецца яго заснавальнікам, а менавіта князю Барысу?” — кажуць ініцыятары петыцыі.

У петыцыі маладыя актывісты адзначаюць, што для кагосьці гэты помнік мо і ёсць вартасцю, і менавіта таму прапануюць яго не знесці, а дэмантаваць і перанесці ў іншае месца: “Напрыклад, стварыць адкрытую пляцоўку за горадам, дзе можна паставіць гэты, дый не толькі гэты, помнік Леніну, і пляцоўку будзе прысвечана гэтаму перыяду нашай гісторыі, а нашыя вуліцы назваць у гонар выбітных прадстаўнікоў нашай краіны і нашага горада”, — адзначаюць актывісты барысаўскай Моладзі БНФ.

Актывісты спадзяюцца, што мясцовыя ўлады пазітыўна паставяцца да гэтай ініцыятывы і не будуць разглядаць яе “як варожую”. Бо, нягледзячы на розныя погляды, гісторыя горада і нашай краіны павінна аб’ядноўваць нас, і шанаваць трэба ўсе перыяды нашай гісторыі.

 

Паводле прэс-службы Моладзі БНФ