Аўтамабільны злодзей хацеў абакрасці бус, але там аказаўся АМАП

Пра кур'ёзны выпадак, які адбыўся з раней асуджаным жыхаром Брэста, піша сайт УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

43-гадовы мужчына, вызваліўшыся з месцаў пазбаўлення волі, зноў пачаў «зарабляць» дробнымі крадзяжамі.
Увечары, ужыўшы «для адвагі» крыху спіртнога, ён выйшаў «на справу». Шпацыруючы ля прыпаркаваных на вуліцы машын, берасцеец стаў правяраць надзейнасць іх замкоў. Пасля некалькіх няўдалых спробаў яму пашанцавала: адзін з аўтамабіляў аказаўся незачыненым. Мужчына бесперашкодна пракраўся ў салон «BMW» і выкраў пакінутыя ў ім акуляры, ФМ-мадулятар і флэш-карту. Затым ён працягнуў свае «прагулкі», імкнучыся не прыцягваць лішняй увагі. Аднак наступныя некалькі іншамарак апынуліся зачыненымі.
Берасцеец ўбачыў мікрааўтобус. Падышоў, звыкла тузануў за ручку. Дзверы адчыніліся. Ён ступіў у салон і ўбачыў... супрацоўнікаў АМАПа. Мікрааўтобус быў службовым аўтамабілем атрада міліцыі асобага прызначэння. Мужчына не разгубіўся і сказаў прысутным, быццам ён памыліўся аўтамабілем.
Аднак яго паводзіны прыцягнулі ўвагу іншага супрацоўніка АМАП, які знаходзіўся ў аўтамабілі паблізу:
— Першае, на што я звярнуў увагу — сонечныя акуляры! Крыху дзіўна бачыць чалавека ў сонечных акулярах у цёмны час сутак. Я стаў назіраць за гэтым мужчынам у бакавое люстэрка. Ён не рабіў рэзкіх рухаў, паводзіў сябе асцярожна, але яго паводзіны было не зусім звычайнымі для простага мінака. А калі ён «выпадкова» зазірнуў у службовы аўтамабіль, сумневаў не засталося: гэта аўтамабільны зладзюжка. Мы яго затрымалі.
Мужчына быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС Брэста. Пры ім знаходзілася выкрадзеная маёмасць. Рэчы вярнулі гаспадыні на наступны дзень.