Асоль, Рагнеда і Вітаўт — якія імёны давалі мінчукі нованароджаным у 2019 годзе
У Мінску за 2019 год зарэгістравана звыш 19 тысяч нованароджаных. У 180 хлопчыкаў і 251 дзяўчынкі імёны ў запісах актаў аб нараджэнні не паўтараюцца, паведамілі карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» ў прэс-службе Міністэрства юстыцыі.
Так, сярод рэдкіх імёнаў, якія атрымалі народжаныя ў 2019 годзе мінчане, — Асоль, Венера, Джэніфер, Лёля, Рагнеда, Фадзей, Оскар, Дабрамір, Іў і Вітаўт.
Сярод унікальных імёнаў, якімі беларусы ўзнагародзілі сваіх дзяцей у мінулым годзе, таксама сустракаюцца Мэрсэдэс, Германіка, Айсель, Весяліна, Златаславія, Мілэдзі, Дабраміла, Эльза, Аян, Ясна, Луна, Лея, Вірсавія, Лазарына, Любава, Ясмін, Сімона, Сена , Фёкла, Эліс, Юнона і Ядвіга. Хлопчыкам беларусы давалі наступныя рэдкія імёны: Геральд, Філат, Саламон, Тамерлан, Франц, Марс, Каміль, Аўтандзіл, Мейліс, Тадэвуш, Тамаш, Марцін і Лявонцій. Дарэчы, часцей рэдкія імёны давалі дзяўчынкам і пераважна ў Мінску і абласных цэнтрах.
Нагадаем, бацькі ў Беларусі могуць выбраць дзіцяці любое імя, калі яно не супярэчыць нормам грамадскай маралі. Пры гэтым нованароджанаму не дазваляецца даваць больш двух уласных імёнаў, і запісанае першым у акце аб нараджэнні лічыцца асноўным.
Што да самых папулярных у 2019 годзе імёнаў у сталіцы, то ў пяцёрцы лідараў Максім, Арцём, Міхаіл, Раман і Аляксандр, а ў дзяўчынак найбольш часта сустракаліся Сафія, Ганна, Марыя, Аліса і Ксенія.
У топ-10 папулярных імёнаў 2019 года ў Беларусі ўвайшлі мужчынскія — Максім, Арцём, Міхаіл, Аляксандр і Мацвей, а таксама жаночыя — Сафія, Ганна, Марыя, Ксенія і Анастасія.