«Арыштуй нас! Нам усё роўна, дзе паміраць». Флэшмоб у Светлагорску
У Светлагорску 15 верасня прайшоў флэшмоб супраць выкідаў з кітайскага заводу. Не менш за 150 чалавек у медыцынскіх масках і з зялёнымі паветранымі шарамі сабраліся каля цэнтральнай плошчы, паведамляе Радыё Свабода.
Пляцоўку ў прызначаны час — 17.00 з ініцыятывы ўлады занялі дзеці. Яны танцавалі і запускалі паветраныя шары чырвонага колеру.
Гэта выглядала на рэпетыцыю да Дня гораду, які пройдзе ў наступную суботу. Пенсіянеры, маладыя сем’і з дзецьмі, старшакласнікі «прыбраліся» ў медыцынскія маскі, трымалі зялёныя паветраныя шары як сымбаль таго, што людзі хочуць дыхаць чыстым паветрам. Жыхары райцэнтру абураныя, што новы завод беленай цэлюлозы забруджвае паветра. Ад выкідаў у горадзе часта стаіць смурод.
Паміж жыхарамі райцэнтру хадзіў міліцыянт Яўген Бяспалька і папярэджваў праз мегафон, што «дадзенае мерапрыемства несанкцыянаванае», за што наступае адказнасць па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. «Дык арыштуй нас! Нам усё роўна, дзе паміраць — тут ці ў турме!», — закрычала на міліцыянта пенсіянерка. Іншыя ўдзельнікі флэшмобу пыталіся ў міліцыянта — ці ёсць у яго дзеці і ўнукі?
«Гэта не мітынг, не пікет — транспарантаў і плакатаў не было, ніхто не высоўваў нейкіх патрабаванняў. Таму не варта міліцыі пагражаць людзям. Яны проста выйшлі дыхаць чыстым паветрам», — пракаментавала праваабаронца Алена Маслюкова.
Яна дадала, што людзі дамаўляліся ці наогул не ісці на Дзень гораду ў наступную суботу, ці прыйсці туды ў масках і з зялёнымі паветранымі шарамі.
Ініцыятыўная група па маніторынгу сітуацыі з заводам падавала ў выканкам заяўку на мітынг. Ён планаваўся 15 верасня. Але адзіную ў горадзе пляцоўку, вызначаную для мітынгаў і пікетаў (стадыён «Бумажнік») у прызначаны дзень акупаваў БРСМ. Там праходзіла свята «Валадар сяла». Тады жыхары райцэнтру дамовіліся правесці флэшмоб.
Ранкам 15 верасня ў пракуратуру выклікалі праваабаронцу Алену Маслюкову і актывіста Анатоля Змітровіча. Пракурор раёна афіцыйна папярэдзіў іх пра адказнасць за ўдзел ці арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў.