«Арт Сядзіба» запрашае на моладзевы летнік «Беларусам быць годна»
«Арт Сядзіба» ладзіць моладзевы летнік «Беларусам быць годна», які, як абяцаюць арганізатары, будзе ўнікальны сваёй праграмай.
Гэта не проста сухія лекцыі і традыцыйныя майстар-класы. Праграма летніку насычаная інтэрактывамі, гульнямі, а таксама культурнымі размовамі і выступамі, паведаміў адзін з яго арганізатараў Алесь Мех:
— Ладзім летнік у канцы ліпеня на адкрытым паветры з намётамі. Мы збіраем моладзь, якая хоча нешта ствараць у плане культуры, у грамадскай сферы. Там будуць не проста сухія лекцыі, як звычайна гэта адбываецца, не проста майстар-класы, там будуць яшчэ цікавыя інтэрактывы. Будзем здзіўляць людзей цікавай праграмай, сюрпрызамі, музычнай часткай.
Збор заявак ідзе да 1 ліпеня. На летнік паедзе 30-35 чалавек. Як распавёў Алесь Мех, летнік «Беларусам быць годна» будзе праходзіць з 27 па 30 ліпеня непадалёк ад Мінска. Запрашаецца моладзь ад 18 да 25 гадоў. Удзел бясплатны.
Паводле «Радыё Рацыя»