Арцёма Лябедзьку асудзілі да 3,5 гадоў калоніі за данаты

Арцёма Лябедзьку прызналі вінаватым у тым, што ён перавозіў грошы ў тры фонды салідарнасці. Суддзя прызначыў палітвязню той тэрмін, які і прасіў бок абвінавачання.

Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: Белта

Арцём Лябедзька ў судзе. Фота: Белта

У Мінскім гарадскім судзе 24 жніўня палітзняволенаму Арцёму Лябедзьку, сыну палітыка Анатоля Лябедзькі, прызначылі тры гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Арцёма Лябедзьку абвінавацілі ў "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання" паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за данаты ў тры фонды салідарнасці ў 2020 годзе. 

Як пісаў «НЧ», Арцём на судзе віну не прызнаў. 

Суддзя Яўген Пісарэвіч прызначыў яму менавіта той тэрмін, які прасіў пракурор Раман Бізюк.

Згодна з версіяй абвінавачання, Лябедзька ў 2020 годзе "па матывах ідэалагічнай варожасці" з выкарыстаннем разліковага рахунку аднаго з банкаў праз тэлефон зрабіў некалькі грашовых пераводаў тром фондам, якія прызнаныя "экстрэмісцкімі фарміраваннямі". 

Паведамляецца, што сродкі пералічваліся праз аплатную сістэму папулярнай сацыяльнай сеткі "Фэйсбук". 

Меркавана, гаворка ідзе ў тым ліку пра фонды BY_help і Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

На судзе палітвязень не прызнаў віну і заявіў, што яму і зусім не ясная сутнасць прад'яўленых абвінавачанняў, і не разумее, за што ён аказаўся на лаве падсудных. 

За кратамі Арцём утрымліваецца з 28 сакавіка гэтага года. Па справе адбылося тры судовыя пасяджэнні ў адкрытым рэжыме.

Глядзіце таксама

Палітык Анатоль Лябедзька, былы кіраўнік  Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які даўно мусіў з’ехаць з Беларусі, раней каментаваў справу сына так:

— Для мяне абсалютна відавочна, што гэта справа — палітычная. Наколькі вядома, большасці тых, каго абвінавачвалі у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, давалі магчымасць выплаціць штрафную кампенсацыю. Гэтыя штрафы таксама алагічныя, але людзям прапаноўвалі: калі ты рабіў данат у 50 долараў, то зараз заплаці, скажам, у 20 разоў больш. І на гэтым пераслед спыняўся.

Анатоль Лябедзька адзначыў, што яго сыну нават не паступалі прапановы пра кампенсацыю, — “і гэта яшчэ раз падкрэслівае палітычны падтэкст справы”. І дадаў, што наогул не бачу ніякага злачынства ў тым, што Арцём пералічваў грошы, каб дапамагчы іншым. “Але я разумею, чаму па гэтым артыкуле прадугледжана даволі жорсткае пакаранне. Улады хочуць зруйнаваць усялякую міласэрнасць і салідарнасць беларусаў. Па вышэйзгаданым артыкуле даюць нават большыя тэрміны, чым лідарам некаторых апазіцыйных партый, ці тым, хто прымаў актыўны ўдзел у вулічных акцыях"

Глядзіце таксама

Арцёма Лябедзьку можна падтрымаць грашовымі пераводамі, пасылкамі, лістамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Арцём Анатольевіч Лябедзька