Антыалкагольны дзень у Гродне праваліўся
Абвешчаны 15 снежня «дзень цвярозасці» ў абласным цэнтры не прайшоў. Паколькі ўлады толькі «рэкамендавалі» ў гэты дзень не гандляваць алкаголем, то адміністрацыі большасці крам, відаць, вырашылі такой «рэкамендацыі» не прытрымлівацца.
Карэспандэнт «Твайго стылю» прайшоў каля дзясятка гандлёвых кропак у цэнтры горада і ў занёманскай частцы. Паўсюдна «сухі закон» ігнараваўся ў поўным аб’ёме. Ішоў бойкі гандаль усімі відамі алкагольных напояў і півам.
На пытанне, чаму ў дадзеным магазіне не прытрымліваюцца лозунга «Цвярозасць — норма жыцця», прадаўцы адказвалі, што «ўсе гандлююць і мы таксама». Некаторыя дабаўлялі, што ніхто не збіраўся ім кампенсаваць страты, таму, прабачце.
Запомнілася, як у буйным універсаме двое ў фірмовай будаўнічай вопратцы куплялі літровік гарэлкі. Мае антыалкагольныя заўвагі яны пракаментавалі так: «Як жа сёння працаваць без гэтага? Вунь якое надвор’е». І сапраўды…