АМАП ахоўвае туркменскіх студэнтаў у Баранавіцкім універсітэце

Павышаныя меры бяспекі былі прыняты пасля бойкі паміж навучэнцамі ў БарДУ студэнтамі з Туркменістана і мясцовай моладдзю.



autazak.jpg

З вечара 20 снежня каля інтэрната № 1 дзяжурыць аўтазак.
«У гэтым інтэрнаце жыве большасць студэнтаў з Туркменістана. Таму там і стаіць АМАП. У нас толькі міліцыя хадзіла», - распавяла студэнтка Аня, якая жыве ў гэтым інтэрнаце.
Студэнты з Туркменістана, з якімі пагаварыў журналіст, сказалі, што не ведаюць, чаму дзяжурыць міліцыя і што ва ўніверсітэце ўсё спакойна. Між тым, на форумах пішуць, што цяпер у інтэрнаце № 1 раскватараваны дзесяць супрацоўнікаў АМАП з Брэста.
Канфлікт паміж групай мясцовай моладзі і студэнтамі з Туркменістана паўстаў вечарам 13 снежня на вуліцы Арджанікідзэ. У выніку бойкі цялесныя пашкоджанні атрымаў 15-гадовы жыхар Баранавічаў, у якога дыягнаставаны закрыты пералом левага перадплечча. За ўчыненне дробнага хуліганства супрацоўнікі міліцыі затрымалі на месцы канфлікту 19-гадовага грамадзяніна Туркменістана, які пасля быў аштрафаваны на 260 тыс. рублёў па артыкуле 17.1 КаАП.
Па факце бойкі распачатая крымінальная справа. Вызначана кола падазраваных, аднак мера стрымання ў дачыненні да іх не ўжывалася.
intex-press.by