Аляксандр Лукашук: Людзі найбольш цэняць маральную пазіцыю і салідарнасць

Радыё «Свабода» — легендарная радыёстанцыя. Пра яе Васіль Быкаў гаварыў: «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю «Свабоду». Тое сталася звычкаю і патрэбаю душы». Да эфірнай славы Беларуская рэдакцыя Радыё «Свабоды» ад пачатку новага тысячагоддзя надбудоўвае славу выдавецкую. Менавіта Беларуская служба заснавала серыю «Бібліятэка Свабоды», у якой можна знайсці творы, што распавядаюць пра багацце і самавітасць беларускай нацыі, пра складаны шлях Беларусі да незалежнасці.



e9de722f5fee30a9bb44216eaa70ae09.jpg

Радыё «Свабода» — легендарная радыёстанцыя. Пра яе Васіль Быкаў гаварыў: «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю «Свабоду». Тое сталася звычкаю і патрэбаю душы». Да эфірнай славы Беларуская рэдакцыя Радыё «Свабоды» ад пачатку новага тысячагоддзя надбудоўвае славу выдавецкую. Менавіта Беларуская служба заснавала серыю «Бібліятэка Свабоды», у якой можна знайсці творы, што распавядаюць пра багацце і самавітасць беларускай нацыі, пра складаны шлях Беларусі да незалежнасці. Справы выдавецкія і гуманістычныя з дырэктарам Беларускай службы Радыё «Свабода», заснавальнікам «Бібліятэкі Свабоды» Аляксандрам Лукашуком абмяркоўвалі Аляксей Кароль і Вольга Хвоін.
 
Аляксей Кароль: Выданне кніг — не тыповая справа для радыё. Гэта, каб працягнуць у часе тое, што жыве на радыё імгненне? Як увогуле з’явілася ідэя выдавецкай дзейнасці на Радыё «Свабода»?
Аляксандр Лукашук: Я б адказаў проста — нельга быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кнігі, бо адсюль пачынаў сваю дзейнасць Скарына. У сярэдзіне 1950-х гадоў Радыё «Свабода» выдала першую кнігу, прысвечаную пачатку вяшчання. То быў збор першых перадач. На пачатку ХХІ стагоддзя Беларуская служба Радыё «Свабода» распачала выдавецкую справу. Беларусь была адзінай краінай у Еўропе, дзе Радыё «Свабода» ніколі не мела ўнутранай рэтрансляцыі на FM. Кароткія ж хвалі — не лепшы спосаб дастаўкі інфармацыі да слухача, і таму кнігавыдавецтва для нас ёсць яшчэ адной медыяплатформай, на якой можна даставіць да нашай аўдыторыі інфармацыйны прадукт. У 2001 годзе былі прэзідэнцкія выбары, і мы звярнуліся да слухачоў з прапановай дасылаць нам свае вершы на тэму свабоды. Усяго атрымалі больш за тысячу вершаў. Потым з дапамогай ПЭН-цэнтру да гэтага праекту далучыліся аўтары больш чым трыццаці краін. Сярод іх былі і паэты ў выгнанні, і нобелеўскія лаўрэаты, і пачаткоўцы. Самаму маладому аўтару было дзесяць гадоў, а найстарэйшаму — дзевяноста два. І стала зразумела — гэта такое багацце, што нельга яго не выдаць кнігай.
Калі мы выдалі першую кнігу і напісалі на ёй «Бібліятэка Свабоды», гэта значыла, што мы ўзялі на сябе абавязак выдаваць кнігі. Але якая будзе наступная, я ніколі не ведаю. Тэмы вырастаюць з радыёперадач. Пасля кнігі «Верш на Свабоду» была «Дарога праз Курапаты» — гісторыя абароны ад зруйнавання месца масавых пахаванняў расстраляных ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва мінскай кальцавой дарогі. На мой погляд, гэта ўнікальны ў гісторыі беларускай журналістыкі дакумент штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу васьмі месяцаў. Наша журналістка Ганна Соўсь, напрыклад, выйшла ў эфір з лагеру абаронцаў больш за дзвесце разоў. Калі мы склалі ўсе матэрыялы разам, то пабачылі, што атрымалася кніга аднаго рэпартажу.
Трэцяя кніга была ўжо відавочная. У 2003 годзе мы развіталіся з Васілём Быкавым. Ён быў вялікім сябрам «Свабоды», шмат разоў удзельнічаў у круглых сталах, з ім былі гутаркі. Ён начытаў для нас сваю кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» — каля сарака гадзінаў запісу. Кніга «Быкаў на Свабодзе» стала класікай.
А. К.: «Бібліятэка Свабоды» — гэта своеасаблівы летапіс сучаснай гісторыі з экскурсамі ў мінулае. Фактычна, усе выданні аб’яднаныя адной тэмай — гісторыя Беларусі на пакручастым шляху да свабоды. Разам з тым ёсць момант мазаічнасці. Гэта нармальна, ці будзеце імкнуцца да тэматычнай цэласнасці?
А. Л.: Наша бібліятэка — жывы арганізм, які развіваецца. Галоўная яго рыса — творы, якія звязаныя з эфірам Радыё «Свабода» і працай нашых журналістаў. Магчыма, самая вядомая наша кніга рэпартажу «Плошча» пра падзеі 2006 года. Гэта чатыры дні 24-гадзінных рэпартажаў, здымкаў, званкоў слухачоў у часе намётавага лагеру на плошчы Каліноўскага. Такім чынам паўстала нацыянальная акустыка гэтай падзеі. Кнігу мы надрукавалі невялікім накладам у тысячу асобнікаў. А матэрыялы кнігі з сайту Радыё «Свабода» былі спампаваныя больш за пяцьдзесят тысяч разоў. Для любой палітычнай кнігі ў Беларусі наклад у 50 тысяч проста нерэальны. У Гомелі быў выпадак, калі людзі загрузілі тэксты з сайту, раздрукавалі і пераплялі іх — самвыдат у эпоху інтэрнэту.
А. К.: Хто ваша аўдыторыя, ці маглі б вы ацаніць ролю і ўплыў гэтых выданняў на грамадства?
А. Л.: У «Бібліятэцы Свабоды» можна выдзеліць некалькі сэнсавых накірункаў. Пра рэпартажны мы ўжо гаварылі. Другі кірунак — літаратурны. Напрыклад, Вінцэсь Мудроў напісаў смешную кнігу «Альбом сямейны», у якім згадаў розныя словы эпохі савецкага часу: міні-спадніца, палітбюро, ад палёту Гагарына да выбуху ў Чарнобылі. І да кожнага слова была міні-навэла. Гэтая перадача была вельмі папулярная. Рыгор Барадулін цэлае лета распавядаў розныя показкі пра людзей, з якімі некалі сустракаўся, пісаў эсэ, эпіграмы, і ў выніку выйшла кніга «Дуліна ад Барадуліна». У ёй ёсць і легендарнае эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца». Ёсць кнігі, звязаныя з успамінамі. Некалькі гадоў у нас была перадача мемуараў — больш за дваццаць чалавек напісалі свае ўспаміны пра яшчэ нядаўняе мінулае. Некаторыя потым выдалі свае кнігі. У гэтай серыі ў нас выйшла кніга першага амбасадара Беларусі ў Германіі, дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га склікання Пятра Садоўскага «Мой шыбалет». Напісалі свае кнігі «Дарога» старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, супрацоўніца першай рэдакцыі Радыё «Свабода» Галіна Руднік. Галіна Руднік — з Бабруйску, перажыла ў Мінску вайну, потым выехала ў Германію.
Калі глядзіш на жыццё гэтых людзей, то папросту дзіву даешся, якія фантастычныя, проста міфічныя бываюць выпадкі. Напрыклад, бацька Галіны Руднік быў расстраляны ў 1937 годзе, маці прайшла праз ГУЛАГ. Калі дачка Сталіна ўцякла на Захад і напісала свае ўспаміны, перадала іх у Нью-Ёркскую рэдакцыю для начытання, то спачатку твор начытала дачка Шаляпіна, але яе нізкі голас не спадабаўся дачцэ Сталіна. Потым начытала Галіна Руднік, і дачка Сталіна сказала, што акурат такі голас і патрэбны. Так успаміны дачкі найвялікшага тырана ХХ стагоддзя вярнуліся праз голас члена сям’і, якая пацярпела ў тых рэпрэсіях.
Мы самі здзіўляемся кожнай кнізе, якая выходзіць. Усе гэтыя кнігі знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, некаторых бібліятэках краіны, у бібліятэцы Кангрэса ЗША, у бібліятэках іншых краінаў. Нашы слухачы дасылаюць нам лісты-заяўкі, і мы перадаём ім кнігі, пакуль яны ёсць. Я вам прачытаю ліст ад нашага слухача з вёскі ў Гродзенскай вобласці: «Паважаная «Свабода»! Жадаю атрымаць кнігу Сяргея Дубаўца «Як», каб з яе дапамогай выхоўваць сваіх бацькоў і дзядоў. Яе тэксты з маіх вуснаў яны ўжо будуць слухаць напэўна».
Усе кнігі выдавалі накладам ад адной да дзвюх тысяч, усе яны разляцеліся за месяц-два пасля выдання. Але жыццё кніг працягваецца, бо нашы слухачы спампоўваюць кнігі з сайту і маюць іх на сваіх электронных носьбітах. Як сведчыць сусветная культура, любая кніга можа мець незвычайны і цікавы ўплыў і на чалавека, і на хаду падзеяў.
На гэты момант мы рыхтуем 35-ю кнігу. Гэта «Слоўнік Свабоды». Кніга, як ні дзіўна, магла быць самай першай у нашай перадачы. Яна пабудаваная на перадачы, што выходзіла ў 1999 годзе. Мы звярнуліся да розных людзей з просьбай напісаць эсэ пра словы і паняцці мінулага стагоддзя. Матэрыялы гэтай перадачы выдаў часопіс «ARCHE». Гэта быў вельмі паспяховы выпуск часопіса, яго выкарыстоўвалі падчас выкладання ва ўніверсітэтах, у дысертацыях. І вось гэтым “Слоўнікам свабоды мы хочам адзначыць дзесяцігоддзе «Бібліятэкі Свабоды».
А. К.: У газеце «Новы час» ёсць рубрыка «Валадары думак». Каго б з герояў і аўтараў «Бібліятэкі Свабоды» вы б аднеслі да гэтай кагорты?
А. Л.: Думаю, з тых, каго з намі няма, гэта Васіль Быкаў. З тых, хто ёсць, — Рыгор Барадулін. Вельмі важную кнігу напісаў Уладзімір Арлоў. Ён выбраў тры з нечым сотні імёнаў людзей, якія нешта зрабілі для свабоды, дэмакратыі ў Беларусі. Ён меў толькі тры хвіліны часу эфіру на кожную асобу. І гэтае патрабаванне мы пакінулі для кнігі. Кніга «Імёны Свабоды» мела фенаменальны поспех. Камерцыйныя выдаўцы яе некалькі разоў перавыдавалі, і яна проста разляцелася па чытачах. Гістарычная літаратура ўвогуле запатрабаваная ў Беларусі, яна вельмі добра ўспрымаецца.
А.К.: А радыёстанцыя «Свабода» як творчы калектыў, на ваш погляд, валадар думак?
А.Л.: Мы жывём у час, калі няма манаполіі на аўтарытэт, на інфармацыю, свабоду выказвання. Мы жывём у час інтэрнэту. І нельга цяпер заявіць, што мы ці нехта яшчэ валадар думак. Але эмацыйная, інфармацыйная афарбоўка рашэнняў, якія прымаюць людзі, ёсць з аглядкай на нас. Калі меркаваць па лістах да нас, людзі найбольш цэняць ясную маральную пазіцыю, пазіцыю салідарнасці, што можна пачуць на нашых хвалях. У «Бібліятэцы Свабоды» ёсць выданне, якое стаіць крыху асабняком — гэта перадача «Галасы салідарнасці». Яна выходзіла ў эфір пасля разгону маніфестацыі ў снежні 2010 года ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, калі семсот чалавек знаходзіліся за кратамі. Мы звярнуліся да знакамітых людзей з просьбай прачытаць па дзесяць імёнаў людзей, якія сустракаюць Новы год у турмах. Адкрываў чытанні прэзідэнт ЗША Джордж Буш, а закрываў Вацлаў Гавел. Гэта быў выпадак, калі я вучыў прэзідэнта ЗША беларускаму вымаўленню. Я казаў яму па тэлефоне: «Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі». І Буш паўтараў: «Кан-ды-да-ты ў прэ-зі-дэн-ты Бе-ла-ру-сі». Некаторыя імёны мы паўтаралі двойчы. Праз год акцыя паўтарылася. Буш і Гавел напісалі калядныя віншаванні беларускім палітвязням. Дарэчы, гэтае віншаванне было апошнім лістом Вацлава Гавела: у пятніцу ён напісаў ліст, а ў нядзелю яго не стала. Ведаю, што многія слухачы, сем’і палітвязняў высока ацанілі гэты ўчынак вядомых людзей свету.
А. К.: Памятаю, як больш за дваццаць гадоў таму пачыналася ваша творчасць, доступ да закрытых архіваў Інстытута гісторыі партыі. Я назіраю гэтыя гады фармаванне некалькіх асобаў у адным Аляксандры Лукашуку: арганізатар-менеджар розных спраў, журналіст, вядучы «Белсата» і пісьменнік. Як ужываюцца ў адной асобе гэтыя іпастасі?
А. Л.: Ой, з цяжкасцю! Бадай што прасцей за ўсё яны ўжываліся ў часы, калі я быў кіраўніком радыё «Свабодны Афганістан». Праца было адно, астатняе — іншым. Але насамрэч гэтыя розныя заняткі дапаўняюць адно аднаго. Канешне, мне хацелася б пісаць больш. Некалі вы, Аляксей Сцяпанавіч, дапамаглі апублікаваць адну з самых важных працаў, што я рабіў, — даследаванне жыцця і смерці расстралянага ў 1937 годзе сакратара ЦК КПБ(б) Шаранговіча. Менавіта ваша станоўчая рэцэнзія дазволіла пасля некалькіх месяцаў боўтання гэтага тэксту ў розных аддзелах ЦК надрукаваць яго на старонках газеты. Пасля выйшла кніга, прадмову да якой напісаў Васіль Быкаў. Але колькі ўсяго недаследаванага ёсць у беларускіх архівах! Калі я прыязджаю ў Мінск, заўжды стараюся сустракацца з рознымі даследчыкамі, кансультавацца з імі. Шмат зроблена, але застаецца яшчэ больш! Мая апошняя кніга «Сьлед матылька. Освальд у Менску» пра жыццё Лі Харві Освальда ў Мінску. Гэта самая даследаваная справа забойства — больш за чатыры мільёны аркушаў дакументаў апублікавана. Але нават у такой справе можна напісаць цэлую кнігу пра невядомыя акалічнасці! Новы накірунак нон-фікшн дакументальнай літаратуры надзвычай важны.
Вольга Хвоін: Большасць кніг з серыі «Бібліятэка Свабоды» так ці інакш адсылаюць да гісторыі. Нават падзеі 1990-х гадоў для маладых беларусаў — гэта ўжо гісторыя. Ці не плануеце вы крыху асучасніць гэтую серыю?
А. Л.: Мы сапраўды гэта робім. Альгерд Бахарэвіч — малады бліскучы пісьменнік, які цяпер жыве ў Гамбургу. Летась мы выдалі яго кнігу «Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча» — антынавуковае выданне для дактароў-самавукаў, як вызначыў тэму сваіх эсэ пра свабоду і цела аўтар. Кніга выйшла ў фінал прэміі імя Ежы Гедройца. Другі наш аўтар — Лявон Вольскі. У нас ён робіць сатырычны музычны дуэт «Саўка ды Грышка», мы ўжо выдалі адзін дыск. Цяпер Лявон працягвае свой праект, і напрыканцы года мы, відаць, выпусцім другі дыск. Мы запрашаем творчую моладзь браць удзел у нашых праграмах, праектах.
Два гады ў нас была перадача «Начная чытанка» — усяго каля ста чалавек прачыталі свае творы, і мы выпусцілі дыск з іх галасамі. Аналагічная праграма была з беларускімі бардамі. І мультымедыйны DVD-дыск «Сто бардаў Свабоды» проста разляцеўся. Моладзь для нас сапраўды вельмі важная.
В. Х.: Вам не падаецца, што агульная энергетыка гэтых твораў — гэта энергетыка каланізаванай нацыі, і нават калі і ёсць смех, то ён скрозь слёзы. Беларушчыне наканавана быць сумнай, дэпрэсіўнай?
А. Л.: Праблема правільная, але знак наш іншы. Мы, наадварот, даводзім, што наша гісторыя моцная, самадастатковая, пазітыўная. Узяць бы кнігі Вячаслава Ракіцкага «Беларуская Атлантыда», ці Міхася Скоблы «Вольная студыя» — яны фантастычныя па сваёй стваральнай энергетыцы! Неўзабаве выйдзе кніга «Майстроўня» пра беларускую ініцыятыву, што як цуд паўстала ў 1980-я гады і заклала парасткі нашай незалежнасці. Мне здаецца, што пазітыўныя і важныя кнігі — нават такія, як «Адзін дзень палітвязня». Быццам бы сумныя кнігі — людзі сядзяць у турмах, але гэта кнігі пра іх сем’і. Людзі старэйшага пакалення памятаюць, як у 1990-х гадах з’явіліся першыя праблемы з рэжымам, з яго стаўленнем да незалежнасці, беларускай культуры. Адзін з аргументаў у якасці тлумачэння быў такі: у Беларусі за савецкім часам не было нацыянальнага супраціву, не было сваіх дысідэнтаў, якія б заплацілі за незалежнасць сваёй барацьбой, пакутамі. Беларускія палітвязні, асобы, якія апошнія 16 гадоў ахвяруюць сваім здароўем, працай, вучобай, калі паглядзець на ўсё гэта з гістарычнага погляду, то мы знаходзімся ў цэнтры моцнага, аптымістычнага руху, што будзе відавочным крыху пазней! Мы яго адлюстроўваем, і, можа, не ўсё прыгожа выглядае, але ў гістарычнай перспектыве ўсё надзвычай пазітыўна!
В. Х.: У нашых умовах стаць беларусам — гэта праца. І да вас пытанне як да менеджара, выдаўца: што можна зрабіць, каб кожны малады беларус зразумеў, якая багатая наша гісторыя, колькі ў нас выбітных людзей?
А. Л.: Гэтую задачу немагчыма вырашыць толькі кнігамі. Найперш, гэта ў кампетэнцыі адукацыі, дзяржпалітыкі, падтрымкі нацыянальнай культуры. Я згадваю кнігу Уладзіміра Арлова — як важна знайсці сучасную мову, што будзе зразумелая для пакалення facebook і ВКонтакте, што прыцягвае да праблемы ці тэмы. Трэба рабіць сваю працу самай высокай якасці і на сусветных узроўнях. Нашая праца мусіць быць канкурэнтаздольнай па-за межамі Беларусі. Не толькі народ мусіць цягнуцца да творцы, але і творца для народа.
В. Х.: Цяпер многія гавораць, што змяніць сітуацыю ў Беларусі можна толькі ў выпадку, калі будзе змененая ментальнасць, светаўспрыманне людзей тут. Атрымліваецца, што вы, як і іншыя творцы, не можаце гэтага зрабіць. Такое пад сілу толькі дзяржаўнай сістэме?
А. Л.: На мой погляд, асноўная роля належыць сістэме адукацыі. Я б сюды дадаў яшчэ Царкву і Касцёл — гэта істотныя нацыяўтваральныя моманты. Кнігі пісаліся ва ўсе часы, але вялікі пласт гуманістычнай літаратуры ў Нямеччыне і ў Расіі не змаглі спыніць з’яўленне Гітлера і Сталіна. Я ўсё ж думаю, што адна культура не можа вырашыць гэтую праблему. Роля незалежнай дэмакратычнай дзяржавы тут незаменная.
Тым, хто пытаецца, навошта Радыё «Свабода» займаецца выдавецкай справай, я адкажу словамі Францыска Скарыны, якімі ён амаль пяцьсот гадоў таму адкрываў у Празе свой першадрук: «Бібліятэка свабоды» выкладзеная беларускай службай са слаўнага месца ў Празе Богу на славу і людзям паспалітым для добрага навучання. Бо лепш і не скажаш!