Аляксандр Фядута з-за кратаў: Я сапраўды даю паказанні, мяне не катуюць

Падобна, што вядомы палітолаг і публіцыст, якога абвінавачваюць ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і замаху на Аляксандра Лукашэнку, пакуль атрымлівае далёка не ўсе лісты. Ва ўсялякім выпадку, паштовая сувязь з ім пакуль далёкая ад ідэальнай: некаторыя пасланні да яго даходзяць, некаторыя — не. Хацелася б спадзявацца, што гэта часовая з'ява і ў рэшце рэшт перапіска з ім наладзіцца, піша «Народная Воля».

0140_696x464_1_1_1_1_1_1_2_1_1_1_1.jpg.webp

Пакуль Аляксандр Фядута піша, што ў плане здароўя ў яго «ўсё добра» — натуральна, наколькі гэта можа быць ва ўмовах следчага ізалятара КДБ.

«Рэгулярна бачу самога сябе ў тэлевізары, — напісаў Фядута ў адным са сваіх лістоў. — Таму паведамляю:

1. Гэта сапраўды я.

2. Я сапраўды прызнаю сябе ўдзельнікам змовы.

3. Я сапраўды даю паказанні.

4. Мяне не катуюць, не цярзаюць, не мучаць. Мала таго: мне аказваецца ўся неабходная медыцынская дапамога. З гэтага пункту гледжання ўсё добра».

Некаторы час жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко таксама не атрымлівала ад яго лістоў, але за апошні час сітуацыя змянілася да лепшага. «У апошні тыдзень наладзілася перапіска з жонкай, — паведамляе Аляксандр Фядута. — Дзякуй усім, хто яе маральна падтрымлівае.

Мне купляюць кнігі. Перачытаў "Каласы пад сярпом тваім" Караткевіча. Пачаў працу над дапаможнікам-каментаром да гэтай вялікай кнігі. Гэта мая старая ідэя, а цяпер і час з'явіўся. Хоць даводзіцца пісаць ад рукі, і даведнікаў па нашай гісторыі і літаратуры па творчасці Караткевіча відавочна не хапае.

Увогуле, неяк так».

Аляксандр Фядута піша, што ён цяпер знаходзіцца «ў творчым адпачынку»: «А вось як доўга ён будзе доўжыцца — залежыць, на жаль, не толькі ад мяне…»