Аляксандр Фядута: Ціханоўская на парадку дня. Чаму я прагаласую
Аляксандр Фядута плянуе аддаць «свой голас за тое, пра што мяне папрасіла Святлана Георгіеўна». «Гэта трэба зрабіць. І я ўпершыню прашу сваіх чытачоў зрабіць гэты далёка не бессэнсоўны крок».
Зварот Святланы Ціханоўскай да беларускага народа 18 сакавіка гэтага года ёсць за што крытыкаваць. І можна крытыкаваць. І, імаверна, варта было б пакрытыкаваць. Але я не буду гэтага рабіць.
Цягам тыдня я, нарэшце, разбяруся, як працуе платформа «Голас» (так, я мамант з даайцішнай эры, калі хочаце — апошняе пакаленне «саўка») і аддам свой голас за тое, пра што мяне папрасіла Святлана Георгіеўна.
Гэта трэба зрабіць. І я ўпершыню прашу сваіх чытачоў зрабіць гэты далёка не бессэнсоўны крок.
Ён не дадасць легітымнасці спадарыні Ціханоўскай, бо ўзровень яе легітымнасці праяўляецца ў стаўленні да яе міжнародных арганізацый і замежных палітыкаў. Да яе ставяцца — ужо — як да паўнамоцнага прадстаўніка беларускага грамадства: яна трапіла ў сусветны парадак дня разам з Беларуссю. І мой голас, на жаль, не зробіць яе ўжо заўтра прэзідэнтам маёй краіны.
Але мой голас акрэсліць: паўнамоцны прадстаўнік Беларусі ў ААН такім не ёсць, бо не ўяўляе мяне, калі кажа пра сто тысячаў чытачоў Ціханоўскай у Twitter. Ён пацвердзіць: экс-кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў хлусіць, калі кажа, што пратэст садзьмуўся, бо пратэст не на вуліцах, а ў галовах. Ён прымусіць членаў камісій рэферэндума, на якім плануецца праціснуць лукашэнкаўскую Канстытуцыю, памятаць: нас шмат, а значыць, фальсіфікаваць вынікі гэтага галасавання без паўтарэння супрацьстаяння жніўня 2020 года будзе немагчыма.
Чыста тэарэтычна Святлана Ціханоўская можа колькі заўгодна казаць пра гэта ў сваіх зваротах да нас і ў сваіх гутарках з паўнамоцнымі прадстаўнікамі заходняй супольнасці. Але каб пацвердзіць гэта, ёй сёння патрэбныя нашы галасы.
Так атрымалася: я не галасаваў 9 жніўня, бо лічыў гэта бессэнсоўным крокам.
Цяпер гэта не бессэнсоўна. Цяпер гэта неабходна.
Гэта не азначае, што я веру ў канчатковую абвешчаную мэту — быццам Лукашэнка рэальна пойдзе на перамовы з Ціханоўскай. Пры любых пасярэдніках і любым складзе дэлегацый. Ён наогул, з майго гледзішча, цяпер няздольны ні на адзін хоць трохі асэнсаваны крок, акрамя ўвядзення ваеннага становішча. Але гэта не азначае, што абвешчаная мэта не можа скарэктавацца ў вачах кожнага, хто думае пра будучыню краіны. Можа — і мусіць. Мы павінны яе скарэктаваць. Але крок пры гэтым застанецца тым жа.
Ціханоўская — усяго толькі жывы інструмент для дасягнення гэтай будучыні. Няхай яна не крыўдуе на мяне. Гэта гістарычная роля, якая выпадае не кожнаму палітыку. Імя Святланы Ціханоўскай ужо ўпісанае ў нашую гісторыю. І колькасць галасоў, пастаўленых намі пад старонкай, на якой яно ўпісанае, узмоцніць эфектыўнасць выкарыстання гэтага інструмента.
І я, скептык, які звыкся за апошнія гады крытыкаваць беларускую апазіцыю і моцна псаваў гэтым нервы і ёй, і самому сабе, з аптымізмам думаю цяпер, што супраць гэтага калектыўнага кроку мне нарэшце няма чаго запярэчыць. Я магу толькі вітаць і здзейсніць гэты крок разам з усімі. Бо гэта крок ад прорвы, у якую штурхаюць нас тыя, хто нічога, акрамя гвалту і грамадзянскай вайны, прапанаваць ужо не ў стане.
Аляксандр Фядута / МВ belsat.eu