Алесь Пушкін: мяне затрымалі на працоўным месцы
Беларускі мастак і прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алесь Пушкін 17 снежня вызваліўся з ЦІП на Акрэсціна, дзе ён адбыў 12 сутак арышту за акцыю з партрэтам героя антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага. На волі яго сустракалі сябры БХД.
Як распавёў мастак, затрымалі яго ўжо пасля акцыі на працы. Калі Алесь прыйшоў на працу, яго папярэдзілі, што яго зараз забяруць, і параілі ўцякаць. Але мастак адмовіўся ад гэтага. І неўзабаве яго ў працоўным камбінезоне і забралі "праваахоўнікі" на "гутарку", якая цягнулася 12 сутак.
У ізалятары Алесь Пушкін прачытаў зборнік твораў Адама Станкевіча і заявіў, што яго ідэі актуальныя і сёння. Таксама ён падзякаваў усім, хто прыносіў перадачы ў ЦІП.
Што тычыцца Расціслава Лапіцкага, за акцыі ў падтрымку якога ўжо двойчы быў асуджаны Алесь Пушкін, то ён збіраецца праводзіць іх і надалей, нягледзячы на рэпрэсіі.