Алесь Мех: Дысідэнты на лавах падсудных, а злачынцы на лепшых курортах Еўропы
Грамадскія актывісты Алесь Мех з Кобрына і Тарэза Жэгалава з Пружан наведалі палітвязня Юрыя Рубцова ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна. Паводле Алеся Меха, Рубцову патрэбна спыніць галадоўку. Юры Рубцоў галадае з 22 студзеня.
Стан палітвязня вельмі кепскі, канстатуе актывіст:
— Юры слабы, твар шэрага колеру, яго ўвесь час кідае ў дробную ліхаманку. Я яму параіў адразу спыніць галадоўку, бо далей гэта прывядзе да катастрафічных наступстваў для арганізму. На яго галадоўку ні мясцовыя міліцыянеры, ні ўлады звяртаць увагу не збіраюцца.
Алесь Мех заклікае Еўразвяз звярнуць увагу на краіну, якая знаходзіцца побач. І ў якой колькасць палітвязняў расце год ад года. Трэба зрабіць усе захады для спынення здзекаў над дысідэнтамі, кажа актывіст:
— Павінна дзейнічаць забарона ўезду ў Еўразвяз усім чыноўнікам гэтага рэжыму. Прычым чыноўнікам рознага рангу. Ад ніжэйшага да вышэйшага. Гэта суддзі, пракуроры, прызначаныя кіраўнікі гарадоў, абласцей, іх намеснікі ды іншыя, а атрымліваецца наадварот — дысідэнты на лавах падсудных, а злачынцы на лепшых курортах Еўропы.
Па словах Алеся Меха, галадоўка да гэтага часу не зафіксавана афіцыйна. Юрыя Рубцова не наведвалі медыкі.
Улада дэманструе цынічныя абыякавыя адносіны да палітзняволенага Юрыя Рубцова.
Гэта яшчэ раз паказвае звыродлівасць цяперашняга рэжыму, для якога чалавечае жыццё — гэта пыл.