Аляксей Кароль: Жыццё без скаротаў

Менш за ўсё мне сёння хочацца пісаць некралог. Але як яшчэ назваць тэкст, нагода для якога — смерць шэфа, калегі, дарагога чалавека? Я сапраўды не ведаю, што атрымаю на выхадзе, калі сядаю пісаць гэтыя радкі. Ёсць рызыка, што гэта будзе некралог, які падрывае любыя законы некралогу. Прынамсі, такая мая манера пісаць і сталася прычынай, па якой я пазнаёмілася з Аляксеем Каралём.



589e48b4_cde6_45ac_ad68_586b17ba77a6_mw1024_s_n.jpg

Я пазнаёмілася з Аляксеем Каралём напачатку 2007 года. Ён прызначыў сустрэчу ў кавярні «Салодкі фальварак». Літаральна напярэдадні ўлады зачынілі «Згоду», а выхад газеты «Новы час» яшчэ афармляўся юрыдычна, таму ніякага офісу не было, але Аляксей Сцяпанавіч не сядзеў на месцы, а набіраў новую каманду. Ён прачытаў некалькі маіх матэрыялаў для моладзевага рэсурсу «Позірк», і патэлефанаваў.

Мне было 25, я вяла дзёрзкі блог, які збіраў вялікую аўдыторыю; у Беларусі быў медыйны бум, здавалася, што ўсе рэдактары краіны мусяць выстройвацца ў чаргу, каб прапанаваць мне працу. Магчыма, так і здарылася б, але Кароль патэлефанаваў першым. Ён літаральна ў трох сказах выклаў фармат і канцэпцыю выдання «Новы час» — і я, не раздумваючы, пагадзілася пісаць пра культуру для абноўленай газеты. Прайшло ўжо амаль дзевяць гадоў — і не было дня, каб я пашкадавала пра гэтае «неабдуманае» рашэнне. Наадварот — даволі хутка я зразумела, што тое тэлефанаванне было шчаслівым латарэйным білетам. І я ўдзячная лёсу, што мела час і нагоду шматкроць сказаць пра гэта Аляксею Сцяпанавічу.

Калісьці — ледзь не ва ўніверсітэце — я напісала артыкул і даслала ў адну газету. Рэдактар адпісаў мне заўвагі: «Ніколі не пачынайце лід з сябе, з уласнага досведу. Як асоба чытачу вы абсалютна нецікавая». Магчыма, у гэтым была нейкая сярмяжная праўда — пра аўтарскую журналістыку тады не ўсе чулі, — але Аляксей Кароль як рэдактар падкупляў абсалютна супрацьлеглым падыходам. Пабачыўшы нестандартнага аўтара — напрыклад, самаўпэўненую паненку, якая пачынае артыкулы «з сябе» — ён не спрабаваў зламаць яго (яе). Ён адразу пачынаў думаць, як скарыстаць гэта.

Я не ведаю, у якім іншым выданні, апроч «НЧ», мог яшчэ працаваць Лёлік Ушкін пасля таго, як зачынілі газету «Навінкі». Або блогер Зміцер «Будзімір» Галко: як журналіст ён не змог прыжыцца ўвогуле нідзе, а для «Новага часу» ў 2014 годзе напісаў шэраг рэпартажаў з перадавой Данбасу. Які б яшчэ рэдактар трываў супрацоўніка, які па ўласнай ініцыятыве сядзіць у акопе і жывапісуе побыт гэтага акопу? Між тым, артыкулы Будзіміра мелі вялікі рэзананс у чытачоў — ва ўсіх, хто цікавіўся сітуацыяй ва Украіне. Аляксей Кароль не замінаў раскрывацца творчаму патэнцыялу — і ахвотна прадстаўляў для гэтага палосы.

Свае «акопы» былі і ў мяне. Азіраючыся назад, я з шокам згадваю некаторыя свае тэксты. Напрыклад, артыкул «Канец «Доўгага дня…» — якім я адрэагавала на спробу рэдактараў БТ замяніць культавую «Калыханку» на словы Генадзя Бураўкіна нейкім «шэдэўрам» Ірыны Дарафеевай, якую ўсе тады лічылі фаварыткай прэзідэнта. Я тады абурылася на паўтары паласы. Паўтары паласы, прысвечаныя разбору аднаго дзіцячага верша! Трынаццаць тысяч знакаў з аналізам фальклорнага жанру ў масавай газеце! І Аляксей Кароль без скаротаў пусціў гэта ў друк. Проста таму, што адчуваў: гэта важна для мяне як аўтаркі раздзелу «Культура».

Бураўкінскую калыханку, дарэчы, праз месяц вярнулі.

Не менш здзіўлялі і некаторыя замовы, якія рабіў мне сам Аляксей Сцяпанавіч. Напрыклад, на юбілей Барыса Грабеншчыкова ён папрасіў мяне напісаць вялікі артыкул пра спевака (Ён называўся "Сем (ц)нотаў БГ"). Проста таму, што БГ — адзін з любімых музыкаў яго сына, і Аляксей Кароль вельмі хацеў зразумець, чаму нашае пакаленне ім захапляецца.

Аляксей Кароль хацеў зразумець. Напэўна, гэта было самым істотным.

Ігар Мельнікаў першы з нас назваў Аляксея Караля анёлам. Я думаю, кожны калега пагодзіцца з гэтым найменнем. З супрацоўнікамі «Новага часу» здаралася рознае — аварыі, дэкрэты і замежныя стажыроўкі — і нашы траўмы ён прымаў як асабісты боль, нашых дзяцей — як асабістую радасць, а нашыя не-журналісцкія дасягненні — як асабісты гонар. Са мной, напрыклад, здарылася самае страшнае для публіцыста — глыбокі творчы крызіс, праз які я больш за год не змагла напісаць ані радка пра беларускую культуру. Я тады ўзялася за вялікі падлеткавы раман — і спадар Аляксей не проста з разуменнем паставіўся да такой дзіўнай творчай паўзы, а вельмі ўзрадаваўся, што раман пішацца, і гэта прыносіць мне радасць. Пра гэта была наша апошняя размова.

Аляксей Кароль не скарачаў нашы тэксты — і жыццё пражыў такое самае: поўнае, насычанае, без скаротаў. Калі не браць да ўвагі гэты апошні, фатальны скарот — заўчасная смерць ад падступнай хваробы. Я дзякую Аляксею Каралю за тое, што ён быў з намі, і аплакваю яго сыход.