Алана Сміта могуць затрымаць пасля выхаду з калоніі

Грамадзянін Вялікабрытаніі Алан Сміт працягвае знаходзіцца ў беларускай калоніі агульнага рэжыму. Ён настойвае на тым, што не парушаў беларускага заканадаўства і не прызнае сябе вінаватым. Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, правы брытанца ў месцы пазбаўлення волі рэгулярна парушаюцца.

Алан Сміт і Магдалена

Алан Сміт і Магдалена

Нагадаем, Алан Сміт быў затрыманы супрацоўнікамі беларускіх праваахоўных органаў напрыканцы верасня 2016 года быццам бы за арганізацыю незаконнай міграцыі замежных грамадзян у краіны Еўрапейскага саюза. Ён стасаваўся з грамадзянамі Іраку, якія пазней былі затрыманыя ў машынах двух грамадзян Беларусі.  Прычым, па словах Левінава, яны знаходзіліся ў нашай краіне на законных падставах. Праваахоўнікі палічылі, што гэтыя людзі хочуць незаконна перасекчы межы Беларусі ў заходнім накірунку. Павел Левінаў, які займаецца справай Сміта, адказаў на пытанні НЧ.

levinau_pavel_vicebsk_sud.gif

— Чым абгрунтоўвалі сілавікі затрыманне падданага Вялікабрытаніі Алана Сміта? Якія былі іх меркаванні?

— Цяжка сказаць, я не магу залезці ў мазгі беларускіх праваахоўнікаў і адказаць, на чым яны грунтаваліся пры затрыманні. Я мяркую, яны кіраваліся тым, што наша краіна атрымлівае ад Захаду гранты на абарону ад незаконнай міграцыі, і трэба было прадэманстраваць сваю дзейнасць, паказаць грантадаўцам, што такая праца вядзецца, што, маўляў, мы паспяхова дзейнічаем.

Ален Сміт падчас суда

Ален Сміт падчас суда

— У якіх умовах зараз знаходзіцца Алан Сміт?

— Беларускія турмы — гэта спадчына савецкіх турмаў. Мы ўсе ведаем з прэсы, што тэрарыст Брэйвік скардзіцца на тое, што яму падаюць каву неналежнай тэмпературы — халодную, на нейкія іншыя ўмовы ўтрымання. Калі замежнік трапляе ў беларускую турму, а ён не звязаны з гісторыяй СССР, ГУЛАГу, нават кніжак пра такое не чытаў, ён разумее, што нават да асобаў, якія здзейснілі нейкае злачынства ці правапарушэнне, мусяць ставіцца па-чалавечы, не прыніжаць іх годнасць, не падвяргаць катаванням. Натуральна, апынуўшыся ў беларускіх месцах зняволення, замежны грамадзянін, у прыватнасці, Алан Сміт, зразумеў, што ён трапіў, так бы мовіць, папросту на нейкую іншую планету.

Малюнак Алана Сміта

Малюнак Алана Сміта


У судзе апеляцыйнай інстанцыі ён распавядаў пра тое, якім здзекам падвяргаецца, і ён не можа разумець, чаму такое адбываецца ў цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі. Калі Алан апынуўся ў папраўчай калоніі № 3, я напісаў заяву, каб мне прадаставілі кароткатэрміновае спатканне з ім у сувязі з тым, што ў мяне ёсць падпісаная ім даверанасць на права прадстаўляць яго інтарэсы ў Камітэце ААН па правах чалавека, і мне было неабходна атрымаць ад яго дадатковую інфармацыю. Але мне было ў гэтым адмоўлена. З іншых крыніцаў, ад людзей, якія вызваліліся з калоніі, ад сваякоў іншых вязняў інфармацыя, якую распавёў Алан падчас судовага пасяджэння, пацвярджаецца.

Малюнак Алана Сміта

Малюнак Алана Сміта

У Алана на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь няма блізкіх сваякоў. Паводле нашага заканадаўства, перадачы, пасылкі, бандэролі, дробныя пакеты могуць накіроўваць тым, хто адбывае пакаранне, толькі блізкія родзічы. Ад сваякоў перадача мусіць быць уручана вязню, за выключэннем тых прадметаў, якія забароненыя для выкарыстання ў месцах пазбаўлення волі, а вось ад іншых грамадзян перадача ўручаецца па асабістым распараджэнні кіраўніцтва папраўчай установы. Я накіраваў Алану калядную прадуктовую 2-кілаграмовую бандэроль, там былі арэхі, сухафрукты, шакалад, але адміністрацыя вярнула гэтую бандэроль назад.

Ліст Алана Сміта

Ліст Алана Сміта

Чытайце таксама:

Падтрымайма англічаніна Сміта! 



Я накіраваў Алану часопісы і газеты на спартовую тэматыку, дзве кнігі на англійскай мове, якія прыйшлі з Англіі, але адміністрацыя папраўчай калоніі адмовілася ўручыць Сміту і гэтую бандэроль ды вярнула мне яе назад. Калі была зроблена спроба перадаць Алану рэчавую перадачу, то частка гэтай перадачы не была прынятая, бо на майцы, якую перадалі Сміту, былі нейкія надпісы. То бок гэтак вырашылі зрабіць не з-за зместу надпісаў, бо ў іх ніхто не ўчытваўся, а толькі таму, што ўсе павінны быць у чорным, цёмным, аднолькавым, без усялякіх надпісаў. Вось такія незразумелыя ўмовы. Таксама было адмоўлена ў перадачы яму коўдры, хоць ён скардзіўся, што там не зусім камфортная тэмпература.

Алан скардзіўся таксама на стан здароўя, на неаказанне належнай медычнай дапамогі не толькі яму, але і іншым зняволеным. Ён скардзіўся на тое, што яго прымушаюць падпісваць нейкія паперы на рускай мове, а ён не разумее, што гэта, а перакладчыка яму не даюць. У Алана зараз ёсць праблемы з перапіскай, не ўсе лісты ад яго выходзяць і не ўсе лісты даходзяць да яго. Ёсць праблемы з тэлефоннымі размовамі, ужо больш за месяц сваякі за мяжой не маюць ад яго ніякіх звестак.

Малюнак Алана Сміта

Малюнак Алана Сміта


Ён фактычна мае права на кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя спатканні, але Алан — замежны грамадзянін, і для таго, каб прыехаць у Беларусь, ягоным сваякам патрэбная віза. І яшчэ не значыць, што пры адкрыцці візы яны адразу атрымаюць спатканне. Зараз ёсць надзея, што ў сакавіку ці красавіку, магчыма, яго наведае консульская служба амбасады Вялікабрытаніі, і мы зможам атрымаць нейкую дадатковую інфармацыю пра жыццё і стан здароўя Алана Сміта.

Ліст Алана Сміта

Ліст Алана Сміта

— Колькі яшчэ яму знаходзіцца ў зняволенні?

— Сміт быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Нягледзячы на тое, што ён адседзеў ужо больш за дзве траціны тэрміну і мог трапіць пад умоўна-датэрміновае вызваленне, ён адмаўляецца прызнаваць сваю віну ў інкрымінаваных яму дзеяннях. Такім чынам, ён не раскайваецца ў тым, чаго не здзяйсняў, таму на гэтай падставе яго ўмоўна-датэрмінова не вызваляюць.


Але сітуацыя з ім неадназначная. 28 верасня завяршаецца тэрмін ягонага зняволення. Але калі яму дазволяць выйсці на волю, то ён можа быць зноў затрыманы, бо ў яго адсутнічае віза, і ён фактычна незаконна знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму, як я падазраю, у тэрмін ягонага пакарання, які завяршаецца 28 верасня 2018 года, Алан наўрад ці апынецца на волі, зноў будзе затрыманы і будзе чакаць дэпартацыі альбо на радзіму, альбо ў краіну, з якой ён прыбыў у Беларусь.

free_alan_3_logo_1.jpg


Лісты (паштоўкі) можна накіроўваць Алану Сміту па адрасе:

Беларусь, 211300, Віцебская вобласць, Віцебскі р-н, п. Віцьба, ВУ ДВП «ВК №3», атрад №5