Акцыя на Дзень Волі распачнецца ля Акадэміі Навук

Сёння мінскія ўлады далі дазвол на правядзенне мітынгу і шэсця ў Дзень Волі 25 сакавіка.



x_258c93f9.jpg

Як патлумачыў адзін з заяўнікоў, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, у выніку дазволены наступны маршрут: з 18.00 да 18.30 збор каля кінатэатра «Кастрычнік» (станцыя метро "Акадэмія Навук") і потым шэсце да плошчы Бангалор.

Па ягоных словах, «сустрэча ў Мінгарвыканкаме прайшла сёння з элементамі непрыхаванага ціску і запужвання арганізатараў, усё прыніжальна здымалася на камеру».

«Важна, што ёсць афіцыйны дазвол», - дадаў Алесь Лагвінец, нагадаўшы, што ў гэтым годзе мэты мерапрыемства, апроч ўшанавання Дня Волі, -  «гэта і абмеркаванне і ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, і сітуацыі ў рэгіёне, выказванне салідарнасці з народам Украіны». 

Нагадаем, першапачаткова заяўка была пададзеная 7 сакавіка на правядзенне шэсця з Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці да на плошчы Незалежнасці, але 10 сакавіка такі маршрут быў забаронены Мінгарвыканкамам. Арганізатары аператыўна падалі новую заяўку з шэсцем да плошчы Бангалор.

Сярод заяўнікаў акцыі на 25 сакавіка ў гэтым годзе - шэсць асобаў: намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябра прэзідыума БСДП (Грамада) Анатоль Сідарэвіч, Антон Жылко (АГП), Марына Хоміч (аргкамітэт па ўтварэнні партыі БХД), Уладзімір Колас (Рада беларускай інтэлігенцыі).

Паводле рух.by