«Ачарняе хлуснёй уладу»: былы вайсковы карэспандэнт паскардзіўся ў парламент на «Першы Рэгіён»

Паводле скаргі Івана Сухарэвіча, сайт 1reg.by і яго карэспандэнт Сяргей Гардзіевіч вядомыя «не клопатам аб павышэнні дабрабыту народа, а сваімі хлуслівымі фактамі», паведамляе БАЖ.

suharevich.jpg

Акрамя Палаты прадстаўнікоў, ліст таксама быў накіраваны ў рэдакцыю “Першага Рэгіёна”, дзе Іван Сухарэвіч (ён падпісаўся як “былы вайсковы карэспандэнт”) выказвае негатыўнае і абразлівае стаўленне да гэтага інтэрнэт-ресурсу і асабіста драгічынскага карэспандэнта Сяргея Гардзіевіча.
Аўтар ліста папярэджвае пра сур'ёзныя наступствы для “Першага Рэгіёна”, калі напярэдадні выбараў журналісты паспрабуюць “расхістаць грамадства нашага горада і раёна” (маючы на ўвазе, хутчэй за ўсё, Драгічынскі раён). Адначасова ён дае параду: “сумесна з уладай па-справядлівасці” заняцца добрай справай і паспрабаваць пачуць меркаванні простага народа.
Хаця ў лісце шмат разоў згадваюцца абвінавачванні ў хлусні, не прыведзена ні воднага канкрэтнага факту, які б сведчыў пра парушэнні альбо недакладную інфармацыю на сайце “Першага Рэгіёна”.
Як стала вядома службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, скарга Івана Сухарэвіча ў беларускі парламент на дзейнасць незалежнага інтэрнэт-рэсурса пайшла па розных інстанцыях і трапіла на разгляд у Драгічынскі РАУС. Там ладзілі праверку, пасля якой накіравалі пісьмовы адказ карэспандэнту “Першага Рэгіёна” Сяргею Гардзіевічу.
З ліста вынікае, што ў дзеяннях карэспандэнта не знайшлі прыкмет супрацьпраўнай дзейнасці і размяшчэння ў інтэрнэце ілжівых, не адпавядаючых рэчаіснасці звестак. Таму ў драгічынскай міліцыі няма падстаў распачынаць адміністрацыйную справу ў дачыненні Гардзіевіча (на чым настойваў аўтар скаргі) з-за адсутнасці складу правапарушэння.