Абскарджана адмова суду ўзбуджаць справу ў абарону Курапатаў

9 красавіка ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду пададзена прыватная скарга на пастанову суддзі Цэнтральнага раёна сталіцы Івана Майсейчыка, які адмовіўся ўзбуджаць справу ў абарону Курапатаў.



kurapaty_skarha_u_sud_logo.jpg

Прычым у парушэнне часткі 3 артыкулу 16 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь Іван Майсейчык сваю пастанову ад 24 сакавіка накіраваў на адрас заяўнікаў па-руску, а не па-беларуску, як была выкладзена скарга, пададзеная ў суд прадстаўнікамі грамадскасці.

У сваёй скарзе, накіраванай 17 сакавіка ў суд Цэнтральнага раёну, заяўнікі прасілі абавязаць Генеральную пракуратуру прадпрыняць дзеянні для ўстаранення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку СТАА “БелРэстІнвест”, а таксама для вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці і, такім чынам, забяспечыць выкананне прадстаўлення Генпракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27лістапада 2012 г.

Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 84-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, былы вязень ГУЛАГу Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы і навукоўцы Вацлаў Арэшка і Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які восенню 2008 году затрымаў у Курпатах вандалаў, за што пазней страціў працу.

Заяўнікі лічаць незаконнай, беспадстаўнай і падлеглай скасаванню пастанову суду, які адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу па скарзе на дзеянні Генпракуратуры.

Грамадзяне просяць судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду адмяніць пастанову суддзі Івана Майсейчыка і перадаць пытанне на новы разгляд у той жа суд першай інстанцыі.