Суд у Маскве працягнуў хатні арышт Баўмгертнеру да 14 ліпеня

Басманны суд Масквы працягнуў да 14 ліпеня тэрмін дамашняга арышту былому гендырэктару "Уралкалія" Уладзіславу Баўмгертнеру, які абвінавачваецца ў злоўжыванні паўнамоцтвамі, перадае РІА Новости.



baumhietnier.png

Уладзіслаў Баўмгертнер

Як раней паведамляў БелаПАН, былы гендырэктар ААТ "Уралкалій", старшыня назіральнага савета беларуска-расійскага ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК) Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску ў канцы жніўня 2013 года. Першапачаткова яго абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, затым абвінавачванне было дапоўнена крадзяжом. У лістападзе бізнесмена дэпартавалі ў Расію, дзе ў дачыненні да яго таксама распачата крымінальная справа. Увесь гэты час Баўмгертнер знаходзіўся ў Маскве пад дамашнім арыштам.
 

Першапачаткова Следчы камітэт Беларусі паведамляў, што супрацьпраўныя дзеянні Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-менеджараў БКК нанеслі ўрон да 100 мільёнаў долараў. Пазней было заяўлена, што сума ўрону можа быць значна большай.
 

2 красавіка ў Мінску генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў журналістам, што Генпракуратура рыхтуе некалькі іскаў аб кампенсацыі матэрыяльнага ўрону ў межах расследавання "справы Баўмгертнера".
 

Паводле яго слоў, адзін іск будзе накіраваны ў Расію "ў парадку рэалізацыі міжнародных пагадненняў", астатнія — па факце нанясення ўрону беларускімі фігурантамі крымінальнай справы. Дакладныя сумы іскаў падлічваюцца, аднак агульная сума не можа быць меншай за 100 мільёнаў долараў, сказаў Канюк.
 

Ён таксама паведаміў, што ў хуткім часе ў Расію будуць перададзены практычна ўсе матэрыялы гэтай крымінальнай справы, за выключэннем тых, якія тычацца беларускіх фігурантаў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН